Прыгадваю, як у 1992 годзе дамагаўся ад КДБ рассакрэчваньня адной справы. Па законе аб статусе дэпутата мне павінны былі даць які заўгодна дакумэнт у якой заўгодна ўстанове па першым жа патрабаваньні. За некалькі меяцаў (!) я нічога не дамогся — беларускі закон пераставаў дзейнічаць за дзьвярыма КГБ.
Навумчык: «Паміж загіблымі на пуцінскай вайне, закатаванымі ў лукашэнкаўскіх турмах і не-ліквідацыяй чэкісцкай інквізіцыі – самая прамая паралель»
Публіцыст — пра нявывучаныя ўрокі гісторыі і іх наступствы.
— Вестка пра гібель Марыі Зайцавай, якая ўжо зрабілася сымбалем няскоранасьці і супраціву — і дыктатуры, і ваеннай агрэсіі, і ўвогуле жыцьцёвым абставінам, перад якімі мы часьцей саступаем, чым не саступаем, — прыйшла, калі давялося перачытваць газэтныя публікацыі жніўня-верасьня 1991 году, — піша Сяргей Навумчык. — І я ізноў адчуў прамую сувязь цяперашняй нашай бяды з тым, што было не дароблена.
Ведаеце, які быў самы папулярны лозунг? Самая гучная фраза, што паўтаралася ў тыя дні? Што казалі нам у адказ на словы пра люстрацыю? «Ня трэба паляваньня на вядзьмарак!».
На вялікі жаль, грамадзтва сапраўды не жадала люстрацыі — ні ў Беларусі, ні ва Украіне, ні ў Расіі. Калі казаць пра Беларусь — 30 дэпутатаў і некалькі тысяч чалавек на Плошчы, зразумела, не маглі супрацьстаяць нежаданьню 10-мільённага насельніцтва.
І я не па КПСС. Партыю якраз ліквідавалі, але некранутым застаўся сапраўдны монстр — КГБ. Унутраныя пературбацыі, наадварот, зрабілі яго больш мабільным і эфектыўным у зьнішчэньні тых, хто асьмеліліўся ўзьняць галовы.
Паміж загіблымі на пуцінскай вайне, закатаванымі ў лукашэнкаўскіх турмах і не-ліквідацыяй чэкісцкай інквізіцыі зь яе больш чым стогадовым вопытам тэрору — самая прамая паралель. І прамы ўрок у будучыню.
Усе дыктатура калі-небудзь руйнуюцца, усе гітлеры, сталіны, пуціны і лукашэнкі калі-небудзь сыходзяць ў іншы сьвет — тут няма выключэньняў. Варыянты могуць быць толькі ў тым, ці ліквідуюцца структуры тыраніі, кшталту Гестапа і СС, ці яны застаюцца, як НКВД-КГБ.
Зразумела, галоўная прычына ў самім грамадзтве, у мэнтальнасьці, якая фармавалася не адно дзесяцігодзьдзе — і для выздараўленьня спатрэбіцца таксама ня год і ня два.
Але калі ў дзяржаве будзе заставацца КГБ з яго больш чым стогадовым досьведам тэрору ў самых розных формах, — ён будзе забіраць усё новыя і новыя ахвяры.
Читайте еще
Избранное