Пры ўдары па Дняпры ракеты стартавалі з Астрахані, а гэта больш тысячы кіламетраў. То бок, размяшчаць «Арэшнік» у Беларусі, каб пагражаць Украіне, альбо краінам Балтыі і Польшчы — гэта, выбачайце, тое самае, што з гаўбіцы страляць па вераб’ях, якія знаходзяцца ад вас на адлегласці дзясятка метраў.
Не «Арэшнік», а «Пюрэшнік». Размяшчэнне новай зброі ў Беларусі «нічога не дае» Лукашэнку і Пуціну – эксперт
Кіраўнік Цэнтра беларускіх камунікацый Максім Плешко — пра тое, чаму «стабільнасць» у Беларусі — гэта для Украіны палка з двума канцамі.
Для чаго рэжыму Лукашэнкі спатрэбіўся «Арэшнік», каго ён хоча напалохаць расійскай зброяй? Альбо гэта насамрэч не ягоныя памкненні, а настойлівыя пажаданні з Масквы? Вось што думае на гэты конт кіраўнік Цэнтра беларускіх камунікацый, палітолаг Максім Плешко (інтэрв’ю перакладзенае з украінскай — С.).
— У фармаце Лукашэнкі гэтая сістэма мусіла б называцца «Пюрэшнік», — іранізуе Максім Плешко ў эфіры ўкраінскага 5 канала. — Гэта, вядома жарт.
А калі разважаць сур’ёзна — з тактычнага вайсковага гледзішча размяшчэнне «Арэшнікаў» на тэрыторыі Беларусі нічога Лукашэнку і Пуціну не дае.
Вайскова-тактычнага складніку тут няма. Відавочна, гэта працяг старой песні пра галоўнае — «якія мы страшныя і нас трэба баяціся».
Эксперт лічыць, што просьбу Лукашэнкі размясціць «Арэшнік» у Беларусі і папярэднюю згоду Пуціна правіцелі зрэжысавалі загадзя перад сустрэчай у Мінску, каб падкінуць сваім апанентам і міжнароднай супольнасці гарачую тэму для абмеркавання.
— У прынцыпе, так і адбылося. І гэтая тэма мае сэнс толькі з гледзішча прасоўвання прапагандысцкіх наратываў, а не вайскова-тактычнага. Таму Пуцін і адказаў, што тое стане магчымым праз паўгады — а праз паўгады хто яго ведае, можа, і Расіі ў цяперашнім яе выглядзе не будзе.
Аднак тыя, для каго прынамсі часткова гучала гэтая песня, адмовіліся яе слухаць і палохацца, дадае Максім Плешко. Паводле яго, маніторынг міжнародных медыя паказаў, што асабліва вострай рэакцыі на словы расійскага і беларускага правіцеляў не было:
— Відавочна, што падобныя рэчы наогул не гаворацца публічна проста так, знянацку. Таму сур’ёзна гэты інфармацыйны ўкід ніхто не ўспрыняў.
Але не забываемся, што песня адрасаваная шмат каму, бо тэма «Арэшніка» медыйна раскручаная. Ёсць украінская супольнасць, у якой таксама трэба нагнятаць паніку, страх і гэтак далей. Так што гэта хутчэй фармат інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі, разлічанай у тым ліку на ўкраінскае грамадства, і на бліжнія краіны, і на саму Еўропу.
Натуральна, перадусім на людзей, якімі можна маніпуляваць праз страх, а не праз логіку і разуменне тактыка-тэхнічных характарыстык «Арэшніка».
Украінскае грамадства, канешне, ужо так проста не запалохаць пасля поўнамаштабнага ўварвання, ракетных абстрэлаў і ядзерных пагроз. Але ж варта памятаць, што грамадства — не штосьці аднароднае, ёсць розныя сегменты, і ўплыў, хай невялікі, усё ж ёсць. На еўрапейскую грамадскасць ён, магчыма, будзе нават большым.
Я скажу так: Лукашэнка ўпэўнены, што варта хайпануць на раскручанай тэме, каб прыцягнуць большую ўвагу да іхняй сустрэчы ў межах саюзнай дзяржавы — бо калі б не той «Арэшнік», мы б гэту гісторыю і не згадалі. Агулам сустрэча была, шчыра скажам, пратакольнай, з нагоды 25-годдзя саюзнае дзяржавы, і сур’ёзных рэчаў там практычна не было.
З гэтым жа разлікам прыцягнуць увагу, мяркуе палітолаг, беларускі рэжым перанёс раней так званыя «выбары», а па сутнасці, перапрызначэнне Лукашэнкам сябе самога кіраўніком беларускай дзяржавы:
— Яны разлічваюць, што Лукашэнка стане «легітымным» да інаўгурацыі Трампа ў ЗША, — зазначае Максім Плешко. — І калі пачнуцца імаверныя мірныя перагаворы, Лукашэнка такі: оп-па, а я тут перазагрузіўся ўжо.
Пуцін, верагодна, прыехаў у Мінск, каб паказаць беларускаму грамадству: глядзіце, я прывёз ярлык на княжанне, на новы тэрмін. Бо гэта для нас навіна, а ў Беларусі такі працэс працягваецца, людзей заганяюць на сустрэчы, і гэта ўсё выглядае досыць крынжова.
Мабыць, гэта першыя так званыя выбары ў Беларусі, дзе насамрэч папросту няма ніякай альтэрнатывы — зусім, цалкам, няма ніякай апазіцыі. Усё зачышчана, адны толькі «спойлеры», у Беларусі зараз такі сабе «1984».
Максім Плешко яшчэ раз нагадаў аўдыторыі, што беларускі рэжым і беларускі народ — прынцыпова розныя рэчы, і што беларусы — не расіяне.
— Але ёсць рэжым, які цалкам проксі, прарасійскі. І зараз, з аднаго боку, на паўночнай мяжы з Беларуссю ў нас усё досыць стабільна, нам гэта выгадна, а з другога — ВПК Беларусі поўнасцю працуе на абаронку Расіі, на вайну супраць Украіны, там адбываецца навучанне расійскіх вайскоўцаў, рамонт тэхнікі і г.д.
То бок, для Пуціна гэта такая зручная ціхая гавань. А для нас — палка з двума канцамі: у стабільнасці мы зацікаўленыя, але не ў тым, каб Беларусь ператварылася ў Расію.
Украіне трэба стасавацца з беларусамі, з беларускай апазіцыяй, падтрымліваць беларускую ідэнтычнасць. Таму што беларускі народ, нацыя — натуральны саюзнік нацыі ўкраінскай. А дыктатары — у іх свая гісторыя, Лукашэнка фактычна выдавіў беларускую нацыю, ідэнтычнасць, мову, культуру з краіны.
І на маю думку, для Украіны пытанне Беларусі —пытанне нумар два пасля расійскага, трэба прыкладаць намаганні, каб не пакідаць іх сам-насам з расіянамі.
Читайте еще
Избранное