История

Андрэй Кныш

«Пад кіраўніцтвам прафесійнага аграрніка Аляксандра Лукашэнкі краіна ні разу не сабрала добры ўраджай»

«Салідарнасць» нагадвае, як і чаму ў Беларусі 25 год таму адмянілі «Дажынкі».

Падобна на тое, што сёлета беларускія аграрыі не здолеюць выканаць задачу па намалоце запаветных 10 мільёнаў тон збожжавых.

Тое, як гэтую лічбу ў сучаснай Беларусі спрабуюць дасягнуць з дапамогай розных маніпуляцый, наколькі наша краіна адстае ад суседзяў па ўраджайнасці — асобная вялікая тэма.

Мы ж сёння прыгадаем, як чвэрць стагоддзя таму вялікі неўраджай прымусіў улады адмовіцца ад правядзення агульнанацыянальных «Дажынак».

Лета 1999-га, па краіне паўзуць першыя трывожныя чуткі пра магчымы недабор збожжа. Незалежная прэса звяртае ўвагу на праблему паставак імпартнага збожжа. Яго набывалі і раней, але гэтым разам гаворка ішла пра якасна іншыя выдаткі.

А дзяржаўныя СМІ тым часам свяціліся аптымізмам, публікуючы весткі з палёў і абацяючы добры ўраджай. У Шклове кіпела праца — горад рыхтавалі да агульнанацыянальных «Дажынак».  

Для Лукашэнкі, які прыйшоў у вялікую палітыку з шклоўскага саўгаса, гэта была знакавая кампанія. «Дажынкі» ў Шклове мусілі стаць чацвёртым па ліку фестывалем у гісторыі незалежнай краіны.

У райцэнтр уклалі немалыя па тых часах сродкі — звыш 10 мільёнаў даляраў. Новая школа, аўтастанцыя, рэканструяваны чыгуначны вакзал і гатэль — гэта жменька з двух сотняў аб’ектаў, уключаных у праграму падрыхтоўкі да свята ўраджаю.

Да «Дажынак» у Шклове ўзялілся адрэстаўраваць будынак ратушы XVIII ст. Фота: gymn.shklov.edu.by

Напрыканцы жніўня «Белорусская деловая газета» апублікавала разгромны артыкул пад загалоўкам «Когда крестьянин управляет государством…» 

Красамоўнае шматкоп’е напрыканцы загалоўка было невыпадковым. Аўтары публікацыі не шкадавалі крытычных словаў на адрас маладога прэзідэнта. «Пад кіраўніцтвам прафесійнага аграрніка Аляксандра Лукашэнкі краіна ні разу не сабрала добры ўраджай».

Выданне цытавала афіцыйную заяву ўладаў ад 18 жніўня, з якой вынікала, што пастаўленая Лукашэнкам задача сабраць 6,5 тон збожжа не будзе выканананая. Больш за тое, тагачасны прэм’ер-міністр Сяргей Лінг паведаміў, што ўраджай 1999-га будзе ніжэй за леташні.

Тая самая публікацыя ў «Белорусской деловой газете». Скан: інтэрнэт-бібліятэка Камунікат

У 1998-м валавы збор збожжавых склаў каля 4,8 млн т. Пазней стануць вядомыя бязрадасныя вынікі бітвы за ўраджай 1999-га. У прэсе з’явіцца лічба ў 3,6 млн т. Улады патлумачаць гэта неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, а таксама «іншымі аб’ектыўнымі фактарамі».

«БДГ» прыводзіла дадзеныя Мінсельгасхарчу: сярэдняя ўраджайнасць зерневых па краіне ў той год склала 17,5 ц/га, у Віцебскай вобласці сярэдні паказчык не перавысіў 13,4 ц/га — абсалютна ганебныя лічбы для еўрапейскай краіны напрыканцы ХХ ст.

Краіна апынулася перад вострай неабходнасцю набыцця збожжа за мяжой. На гэтыя мэты меркавалася выдаткаваць рэкордныя на той час $100 млн.

читайте также

Уладам спатрэбіўся яшчэ месяц, каб вырашыцца на адмену святкавання ў Шклове, якое запланавалі на 24-25 верасня. 17 верасня 1999-га газета «Навіны» паведаміла: самае масавае шоў за апошні час — свята ўраджаю «Дажынкі-99» — не адбудзецца.

Афіцыйнай прычынай скасавання свята назвалі «крызісны стан беларускай сельскай гаспадаркі». На сённяшні погляд — смелая заява. Побач у незалежнай прэсе былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў агучваў красамоўныя звесткі: па стане на 1999-ы толькі 57 з 2500 калгасаў і саўгасаў больш-менш трымаліся на плаву, астатнія цярпелі страты.

Неўраджай 1999-га балюча ўдарыў па бедных раёнах краіны. На Віцебшчыне ад бяскорміцы масава гінулі каровы і цяляты. Як расказвалі жыхары некаторых раёнаў вобласці, у пачатку вясны 2000-га галодную жывёлу выганялі ў бліжэйшыя лясы. Вярнуліся з іх не ўсе.

Пра гэта пісала нават газета лукашэнкаўскай адміністрацыі. Штопраўда, «Советская Белоруссия» і тут не адмовіла сабе ў цынізме, назваўшы ўсё гэта «весенним моционом».

Лукашэнка ж зрабіў з гэтай гісторыі выснову. Па-першае, на наступны год «Дажынкі» ў Шклове з помпай усё ж адсвяткавалі. Па-другое, з таго часу магічныя мільёны тонаў збожжа пачалі здабываць усімі магчымымі сродкамі.

Дадаваць у агульны вал збожжавых рапс — алейную расліну сямейства крыжакветных. Лічыць ураджай бункернай вагой — недасушаны і недачышчаны. Дадаваць да яго кукурузу. Ніхто не адмяняў і банальныя прыпіскі.

Зрэшты, ад святкавання «Дажынак» на нацыянальным узроўні дзесяць год таму адмовіліся. Ці то «магія лічбаў» не дапамагае дасягнуць 10-мільённай вяршыні, ці то штогадовыя аўралы па падрыхтоўцы чарговай «сталіцы ўраджаю» сталі непад’ёмнымі для бюджэту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(19)