Общество

Ірына Марозава

Пашкевіч: «Калі б людзі ведалі пра непазбежнасць выкрыцця, то частка ўстрымалася б пісаць у КДБ»

Гісторык — пра 40 тысяч даносаў і чаму трэба рассакрэчваць архівы.

«Кіберпартызаны» заявілі, што ўзламалі не толькі сайт беларускага КДБ, але і атрымалі доступ да базы зваротаў — каля 40 тысяч допісаў, якія былі адпраўленыя праз сайт з верасня 2014 па жнівень 2023 года. Частка скаргаў і даносаў «інфарматараў», а таксама запыты аб супрацоўніцтве выкладзеная ў сеціве для агульнага дасягу. Многія актывісты знайшлі ў апублічаным масіве даносы на сябе.

Ці шакуючая лічба ў 40 тысяч даносаў, ці гэта лагічны прадукт шматгадовай працы сістэмы, і ці варта наогул раскрываць падобныя звесткі, альбо гэта справакуе яшчэ большы раскол у беларускім грамадстве?

— Трэба сказаць, што гэтая база пакуль не апрацаваная, з яе выхопліваюць часткамі — каму што больш цікава альбо за што вока зачапілася. Але канкрэтнай раскладкі па палічках па змесце гэтых зваротаў няма, і каб рабіць агульныя высновы, трэба спачатку ўсё ўпарадкаваць, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Аляксандр Пашкевіч, фота: Еўрарадыё

— Мы ведаем толькі агульную лічбу — 40 тысяч, прычым гэта ж за амаль 10 год. І хоць мы называем усё гэта «даносамі», але, мяркуючы па тым, што ўжо трапіла ў публічную прастору, далёка не ўсю гэту зваротную сувязь праз сайт з КДБ можна так назваць — хапае і скаргаў, і лістоў не з Беларусі і не ад беларусаў, і нейкіх тэхнічных момантаў, і колькі зваротаў пісалі самі гэбісты ў адстаўцы, ці адны і тыя ж людзі рэгулярна, ці людзі відавочна псіхічна нездаровыя (калі змест сумбурны, недарэчны, ледзь не пра іншапланецян).

А бывалі ж і выпадкі тролінгу, калі пісалі нармальныя людзі, з іроніяй, проста дзеля таго, каб выказацца.

Так што я не думаю, што мэтазгодна называць усю атрыманую базу даносамі. У пераважнай большасці выпадкаў гэта не яны, а звароты іншага кшталту.

— Шмат гадоў у грамадстве ідуць спрэчкі наконт рассакрэчвання ў прынцыпе архіваў КДБ. Многія лічаць, што гэта справакуе помсту, раскол у грамадстве, іншыя — што ўсё адно трэба ведаць, як адбывалася насамрэч, а іншых беларусаў у нас для нас няма. Вы прыхільнік ці праціўнік раскрыцця такіх звестак?

— Я за тое, каб рассакрэчваць архівы. Магчыма, ёсць выпадкі, у якіх не варта апублічваць канкрэтную інфармацыю, калі кампетэнтныя структуры і эксперты вырашаць, што гэта нанясе больш шкоды. Але ў цэлым, лічу, архівы мусяць быць рассакрэчаныя, асабліва калі прайшло ўжо шмат гадоў, як, прыкладам, з пачатку сталінскіх рэпрэсій.

Каб схаванае стала яўным — у гэтым, па вялікім рахунку, ёсць і выхаваўчы момант. Каб людзі разумелі: калі яны паводзяць сябе непрыстойна і спадзяюцца, што ніхто пра гэта  не даведаецца, што можна пісаць даносы на кагосьці, а потым усміхацца чалавеку і з ім прыязна гаварыць, весці такое падвоенае жыццё — што гэта рана ці позна вылезе вонкі і подласць адгукнецца ці ў тваім жыцці, ці на тваё светлае імя ў будучыні кладзецца вялікая пляма.

Думаю, калі б людзі ведалі пра непазбежнасць выкрыцця, то прынамсі частка з іх устрымалася б ад таго, каб пісаць даносы ў КДБ. Нават цяперашні «зліў», лічу, будзе мець такі эфект — не вельмі сумленныя людзі, якія спадзяваліся шкодзіць патаемна, убачылі, што ніякай абароны ад «зліву» інфармацыі няма, і тое, пра што яны не хацелі б, каб грамадскасць даведалася, усё ж стала вядома. Таму наступным разам сто разоў падумаюць, варта пісаць ці не варта.

Гэта пытанне адказнасці — калі немагчыма зваліць яе цалкам на рэжым, на карнікаў, але адказнасць персанальная. Нават калі гэтыя людзі не панясуць адказнасці юрыдычнай, то ў кожнага будзе маральная адказнасць і да таго, хто шкодзіў іншым спадцішка, дый да яго нашчадкаў, будзе адпаведнае стаўленне.

Часта акурат гэтым прыкрываюцца — таямніцай асабістага жыцця, тым, каб не пацярпелі нашчадкі, — але мы ведаем, што нашы «органы», калі ім гэта трэба, абсалютна не зважаюць на ўсё гэта: выкладаюць асабістыя таямніцы сучаснікаў у адкрыты доступ і з іх глумяцца.

На думку Аляксандра Пашкевіча, варта паглядзець і на досвед суседніх з Беларуссю дзяржаў: у краінах Балтыі пасля сыходу камуністычнага рэжыму прынялі рашэнне адкрыць ранейшыя сакрэтныя архівы КДБ, і нічога страшнага не адбылося.

— Так, былі абмеркаванні, былі апублічаныя не вельмі прывабная моманты ў тым ліку з жыцця вядомых асоб — ну і нічога, свет ад гэтага не абваліўся. Затое прыйшло разуменне, што ўсё фіксуецца і рана ці позна таемнае выплыве на свет.

— На вашу думку, дзе мяжа паміж страхам і запалоханасцю («вазьміце лепш яго, а не мяне»), так званай культурай даносу, калі персанаж атрымлівае асалоду ад таго, што робіць, і звычайным жаданнем жыць па законе?

— Мяжа даволі хісткая, і нярэдка, думаю, адно з другім суадносіцца і адно ў другое перацякае з цягам часу. Ёсць людзі, якія сапраўды валодаюць «культурай даносу» — яны пішуць даносы пры любой сістэме, пры любой уладзе і ў любых абставінах, і рэальныя факты, і прыдуманыя — проста таму, што атрымліваюць нейкае задавальненне. Нават сваіх сярод суседзяў кожны з нас можа прыгадаць асоб, якія любяць скардзіцца на ўсякую драбязу, рэальнае ці ўяўнае парушэнне — ледзь што, яны ўжо тэлефануюць ці пішуць. І добра, калі ў ЖЭС, а бывае, што і ў КДБ, ці і туды, і туды.

Але гэта адбываецца пры любым надвор’і. А часам складваецца такая атмасфера ў краіне, як у нас цяпер, на жаль — узровень страху, боязі такі, што людзі схільныя на кагосьці данесці, даць інфармацыю, каб толькі паказаць сваю вернасць, лаяльнасць уладам і  адвесці бяду ад сябе. Паколькі я бачыў па «злітай» падборцы, у ёй ёсць і такія звароты — маўляў, я сам удзельнічаў у пратэстах, але раскаяўся і ўсё ўсвядоміў, прабачце мяне. Гэта класічны прыклад, калі чалавек баіцца ўсяго на свеце і лічыць, што «чыстасардэчнае прызнанне і дапамога следству» змяншае яго ўласныя рызыкі.

Так што агульнапалітычная, грамадская атмасфера ў краіне ўплывае на колькасць даносчыкаў, а таксама на іх якасць, а таксама наогул на распаўсюджанасць гэтай з’явы.

Усюды ёсць аматары паскардзіцца на парушэнні, але колькасць такіх людзей і рэакцыя сістэмы ў дэмакратычным грамадстве на іх іншая — гэта не вітаецца і не падтрымліваецца. А ў нас гэта фактычна ўносіцца ў разрад доблесці, за даносы можна атрымаць «плюшкі» — гэта, натуральна, адбіваецца на маштабах з’явы.