Пашкевіч: «Ужо што-што, а судовая сістэма ў Беларусі дасягнула максімальна магчымага ўзроўню цынізму і подласці»

Гісторык — пра новага і старога кіраўнікоў Вярхоўнага суда.

Прызначэнне найадыёзнейшага Андрэя Шведа кіраўніком Вярхоўнага суда інстынктыўна выклікае пачуцці, што вось усё, зараз у судовай справе стане зусім кепска, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Але пасля прыходзіць думка — а што там можна зрабіць яшчэ горш?

Аляксандр Пашкевіч

Па-мойму, ужо што-што, а судовая сістэма ў Беларусі дасягнула максімальна магчымага ўзроўню цынізму і подласці, у гэтым механізме паправіць нічога немагчыма — любы прысуд па загадзе зверху там і так выпісвалі без ваганняў і без аглядак на законы, а пры патрэбе нават і на працэдуры.

І ў сувязі з гэтым можна ўявіць, наколькі амаральнай асобай з'яўляецца стваральнік гэтага нялюдскага механізму, папярэдні кіраўнік Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Ён быў на гэтай пасадзе, страшна сказаць, з самага пачатку 1997 года, то-бок пастаўлены кіраваць лукашысцкай судовай сістэмай адразу пасля канстытуцыйнага перавароту 1996-га.

Уявіць толькі: 29 гадоў чалавек быў адказны за такую далікатную сферу, ствараў і ўдасканальваў абсалютна бесчалавечную сістэму, і ўвесь гэты час Лукашэнка быў ягонай працай настолькі задаволены, што не адпраўляў на пенсію амаль чвэрць стагоддзя пасля дасягнення адпаведнага ўзросту. У ягонай сістэме гэта ўнікальны выпадак.

Дарэчы, па дзіўным супадзенні ў пуцінскай сістэме таксама быў дакладна такі ж (ды нават і большы) доўгажыхар на той жа пасадзе старшыні Вярхоўнага суда — на год маладзейшы за Сукалу Вячаслаў Лебедзеў, які рупліва працаваў з ліпеня 1989-га аж да лютага 2024-га, пакуль не вынеслі з кабінета ўперад нагамі.

І таксама, калі так доўга трымаўся, Пуцін яўна быў цалкам задаволены тым, як гэты пенсіянер ператвараў судовую сістэму ў паслухмяны і безадмоўны механізм для правядзення палітычных рэпрэсій.

Характэрна, што і Сукала, і Лебедзеў не былі юрыстамі, якім кар'ерную дарогу адкрыла перабудова і распад СССР. Яны планамерна рухаліся па кар'ернай лесвіцы яшчэ ў часы дагарбачоўскага Саюза, займаючы тады адпаведныя іх тагачаснаму ўзросту і стажу пасады ў кіраўніцтве судоў абласнога і гарадскога ўзроўню.

Перабудова з яе сярод іншага курсам на амаладжэнне кадраў іх рост па службе можа крыху паскорыла (Сукала, напрыклад, да ўзнікнення незалежнай Беларусі паспеў стаць міністрам юстыцыі БССР і нават першым намеснікам старшыні Вярхоўнага суда СССР), але ў прынцыпе сам гэты рост быў зададзены і да таго.

Таму, у прынцыпе, няма чаго дзівіцца, што менавіта ў гэтай сферы і гэтым дзеячам удалося так добра ўпісацца ў новыя дыктатарскія сістэмы і стаць у іх доўгажыхарамі. Судам у гэтых сістэмах адводзілася і адводзіцца дакладна тая ж функцыя, якую яны мелі ў савецкі час — быць паслухмяным прыдаткам улады і па важных для ўлады справах, асабліва звязаных з палітыкай, проста штампаваць загадзя прынятыя рашэнні.

Таму нічога адмыслова прыдумляць па сутнасці і не даводзілася — трэба было проста цвёрда і паслядоўна праводзіць у жыццё прынцыпы, засвоеныя раз і назаўсёды з маладосці.

Сукалавымі настаўнікамі ў ягонай маладосці яўна былі тыя савецкія юрысты, якія практычна працавалі ў сталінскія часы, то было ад каго вучыцца цынізму і подласці. А пасля ён ужо сам меў магчымасць адбіраць самую мярзоту з малодшага пакалення і перадаваць бясцэнны досвед далей. Спраўляўся бліскуча, але ж гады... Час няўмольны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)