Филин

Юлія Кот

Перапёлкін: «Калі экспертыза ў «Навінках» нешта выставіла — амаль немагчыма гэта абскардзіць»

Лекар Павел Перапёлкін — пра тое, каго адпраўляюць на судова-псіхіятрычную экспертызу, чаму дыягназ не страхуе ад зняволення і ці ёсць у Беларусі карная псіхіятрыя.

Днямі мінчанку Наталлю Маныла адправілі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў стацыянары за дапамогу палітзняволеным. Такое рашэнне прыняў суд, разглядаючы справу аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Раней на прымусовае лячэнне адправілі Марыю Успенскую, удаву Андрэя Зельцара. Таксама вядома, што на прымусовую судова-псіхіятрычную экспертызу тройчы (!) пад канвоем накіроўвалі Паліну Шарэнда-Панасюк. Прымянялі такія захады і да многіх іншых беларусаў, якіх улады пераследуюць па палітычных матывах.

Гэта выглядае, як яшчэ адзін зручны спосаб звесці рахункі з апанентамі ўлады. Але ці так насамрэч?

Ці можа суд проста накіраваць вязня ў псіхіятрычны стацыянар, з якіх прычын і кім ладзіцца экспертыза, а таксама ў якіх выпадках дыягназ не становіцца перашкодай для пазбаўлення волі — усе гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з лекарам-псіхіятрам Паўлам Перапёлкіным, які ў свой час восем год узначальваў медчастку СІЗА ў Брэсце.

Пра карную псіхіятрыю ў Беларусі як інструмент палітычных рэпрэсій, мяркуе ўрач, казаць усё ж не выпадае:

— На мой погляд, сёння больш рэпрэсіўных інструментаў і магчымасцяў у турмах — таму з палітычных прычын больш саджаюць, пазбаўляюць волі. Каб па палітычных матывах выносілі прысуды аб прымусовым лекаванні — я такіх кейсаў амаль што і не ведаю.

Ёсць пара выпадкаў, пра якія вядома — але ў іх мы не маем інфармацыі аб тым, ці насамрэч гэтыя людзі ментальныя розлады. Вось і пра гэтую жанчыну з Мінска, якую накіравалі на прымусовае лячэнне, такіх звестак няма.

Але я мяркую, што ўсё ж нейкае захворванне ў яе было. Бо гэта распаўсюджаная з’ява, і чалавек з ментальным разладам, з псіхічным захворваннем — не абавязкова неадэкватны, які нясе бязглуздзіцу, агрэсіўны і г.д. Бываюць дэпрэсіўныя розлады, неўратычныя. І тут, хутчэй за ўсё, таксама нешта такое знайшлі і прычапіліся.

— То бок, гэта мог быць зварот у мінулым да лекара па псіхічную дапамогу, а потым гэтую інфармацыю скарыстаюць як нагоду для прымусовага лекавання?

— Цалкам можа быць. Ведаючы гэтую сістэму, мяркую, што наўрад ці гаворка ідзе пра «прыкручванне» дыягназу да грамадзянскай пазіцыі.

— Калі зваротаў да псіхіятра, антыдэпрэсантаў, неўрозаў, чагосьці падобнага ў чалавека не было — што можа паслужыць прычынай для прызначэння экспертызы?

— Для экспертызы можа быць шмат падстаў. Напрыклад, суіцыдальныя выказванні. Нават ускосныя.

Не абавязкова чалавек гаворыць «вось пайду і павешуся», а проста скардзіцца, што жыць цяжка і ён «больш так не можа».

Насамрэч, гэта прыкмета суіцыдальнай рызыкі. А для таго ж следчага, пракурора, суддзі, каб да іх не чапляліся —лепей перастрахавацца і накіраваць на экспертызу, каб спецыялісты выдалі сваю ацэнку, а да сістэмы не было ніякіх пытанняў.

То бок, любая дзіўная рэч у паводзінах, у выказваннях, — нагода для прызначэння экспертызы.

— Ад яе можна неяк адмовіцца, патрабаваць незалежнай камісіі, абскардзіць рашэнне, альбо тут варыянтаў няма?

— Тэарэтычна можна атрымаць незалежную экспертызу, а практычна ў нас на яе правядзенне існуе дзяржаўная манаполія. Камітэт судовых экспертыз нібыта для таго і быў вылучаны асобна, каб не знаходзіцца ў падпарадкаванні МУС, мець незалежнасць — але ж мы разумеем, што на самай справе ўсё гэта дзяржаўныя структуры, і «тэлефоннае права» працуе ва ўсіх гэтых камітэтах, як бы яні ні называліся і якія б фармальныя дачыненні ні мелі з іншымі.

А калі экспертыза ў «Навінках» нешта выставіла — амаль немагчыма гэта абскардзіць.

Псіхіятрычны шпіталь у Гайцюнішках, які здзяйсняе прымусовае лячэнне па накіраванні суда. На здымку – адміністрацыйны корпус (гэта помнік гісторыі, дом-крэпасць Нонхартаў, сам шпіталь знаходзіцца ў іншым корпусе).

— Пры тым наяўнасць дыягназу не значыць, што чалавека не могуць зняволіць? Мы памятаем палітвязня Дзіму Гопту з асаблівасцямі развіцця, які быў асуджаны на 2 гады калоніі, праваабаронцам вядома пра іншых палітвязняў з ментальнымі разладамі…

— Так. Наяўнасць ментальнага розладу сама па сабе — яшчэ не падстава для таго, каб чалавек быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

Калі чалавека бяруць пад варту — нават калі ўжо выстаўленая экспертыза, да суду ён усё адно будзе знаходзіцца пад вартай. Супрацоўнікі СІЗА павінны ўтрымліваць яго асобна, калі эксперты адзначыли, што ён, юрыдычнай мовай, у стане поўнай адсутнасці памяці.

Далей ужо залежыць ад рашэння суда: ці гэта вызваленне ад крымінальнай адказнасці і прымусовае лячэнне, пад агульным, узмоцненым альбо строгім наглядам у стацыянары (хоць са строгім наглядам у нас ёсць стацыянар толькі для мужчын — у Гайцюнішках Гродзенскай вобласці), ці гэта ўсё ж абмежаванне або пазбаўленне волі.

У такіх выпадках, тлумачыць Павел Перапёлкін, мае значэнне не тое, ці ёсць у чалавека ментальныя праблемы, а ці можа ён, па меркаванні экспертаў, адэкватна ацэньваць свае ўчынкі, ці мог усведамляць свае дзеянні і нанесеную імі шкоду.

— Калі наогул гаварыць пра стасункі медыцыны і пенітэнцыярнай сістэмы, якімі яны павінны быць, на ваш погляд? Прадстаўнікі арганізацыі «Урачы за праўду і справядлівасць», напрыклад, не раз зазначалі, што адзін з галоўных момантаў — вывесці медыцыну з падпарадкавання міністэрства ўнутраных спраў, у грамадзянскую сферу, каб дыягназы не ставілі медыкі ў пагонах…

— Цалкам згодны з гэтай ідэяй. Залежнасць ад МУС — гэта не толькі аб тым, што медык становіцца часткай сістэмы, «ты ж афіцэр, то рабі, што табе сказалі». Такая падпарадкаванасць наогул ускладняе працу медыкаў, накладвае шмат дурных абавязкаў.

Пенітэнцыярная медыцына — не ваенная, яна не мае тактычных асаблівасцяў эвакуацыі, яшчэ чагосьці. Гэта звычайная грамадзянская сфера, толькі пацыенты знаходзяцца ў зняволенні. Таму лагічна, каб яна была ў структуры Мінздароўя, каб хворыя мелі такія самыя правы, каб быў празрысты грамадскі кантроль.

Пакуль жа, гаворыць Павел Перапёлкін, празрыстасці ў пенітэнцыярнай сістэме няма наогул, і грамадства не ведае дакладна, што як працуе ў той жа медчастцы, што адбываецца там з людзьмі.

«Дзякуючы» такой закрытасці існуе шмат міфаў. Напрыклад, аб тым, што ў медчасткаў СІЗА, турмаў і калоній наогул няма нічога, апроч зялёнкі («а гэта не так», — заўважае медык).

— Як быццам існуе грамадскі савет пры міністэрстве ўнутраных спраў, — гаворыць урач, — але гэта поўная фікцыя. Там у асноўным чыноўнікі і прапагандысты. І прадстаўнікі той жа «СБ» здымаюць прыгожую карцінку, нібыта вязні ў сучасных і прыгожых умовах нешта робяць, «перавыхоўваюцца», а насамрэч, у некаторыя камеры зайдзі — там нічога не змянялася з 18-19 стагоддзяў.

**

Што да карнай псіхіятрыі, адзначае медык — на жаль, яна ў Беларусі «існуе і квітнее», але датычыцца не палітычных пытанняў:

— Гэта больш перажыткі мінулага, стыгматызацыя і ксенафобія ў дачыненні да людзей з ментальнымі розладамі. Напрыклад, неабгрунтаваныя абмежаванні ў дачыненні асоб з псіхічнымі захворваннямі (як я ўжо казаў, шмат з іх цалкам адэкватныя людзі і могуць працаваць на розных пасадах, кіраваць аўтамабілем і г.д.).

Нярэдкае выкарыстоўванне дыспансернага нагляду ў якасці запалохвання і шантажу: вось будзеш дуратой займацца, адвядзем да піхіатра — ён цябе на улік паставіць! І ўсе, кропка на будучыні.

Тое ж са шпіталізацыяй ў псіхітрычны стацыянар: яе выкарыстоўваюць як інструмент уплыву і шантажу (не будзеш лекі піць — у вар’ятню пакладзем!).  Або у дачыненні падлетка з сэлфхармам (як няма чаго рабіць, толькі рукі рэжаш, то і пойдзеш у «дурку»).

Сам характар шпіталізацыі, умовы і адносіны ў стацыянары часта з'яўляюцца тыповымі для карнай псіхіятрыі. Гэтак сама як падман і шантаж, якімі вымушаюць чалавека падпісаць згоду на гаспіталізацыю. Ну і, бадай, самы яскравы прыклад карнай псіхіатрыі ў Беларусі — ЛТП.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(7)