Нас стала адразу болей у два разы, было дзесяць мільёнаў, а пасля 2020 года стала дваццаць мільёнаў. Таму што далучылася ўся наша дыяспара.
Піт Паўлаў: «Разумеў, што ўся мая дзейнасць у Беларусі разам проста стварае з мяне мішэнь»
Беларускі музыка — пра найвышэйшае дасягненне нашага агульнага духу. І сваю місію.
— Апошняй кропляй, пасля чаго я вырашыў з’язджаць, стала затрыманне Уладзіміра Мацкевіча, — успамінае Піт Паўлаў на DW Беларусь. — Я быў адным з апошніх, хто з ім сустракаўся на волі.
Мы даволі шмат размаўлялі, а праз два дні яго забралі.
У першы ж дзень вайны я запісаў у сябе на кухні гімн Украіны. Не вельмі добра, таму што я спяшаўся, хваляваўся і мяне душыў гнеў.
З цягам часу разумеў, што ўся мая дзейнасць у Беларусі разам проста стварае з мяне мішэнь, і ў адзін дзень я набіў бітком машыну і з’ехаў.
Прыкладна праз два ці тры дні пасля гэтага арыштавалі Tor Band. А мы з імі ўдзельнічалі ў адных і тых жа дабрачынных канцэртах.
Нягледзячы на вымушаны ад’езд, 2020 год музыка ўспамінае як адну з самых важных і яскравых падзей у жыцці нашай краіны.
— Гэта надзвычайная падзея ў гісторыі беларускага народа. Я думаю, што яна будзе ўпісана, як адна з самых яркіх старонак ва ўсёй гісторыі Беларусі наогул. Нічога падобнага ў нашай краіне не было.
Тры хвалі, якія з’язджалі на працягу ста год, якія заўсёды сарамліва называлі сябе, мы там паміж Расіяй і Польшчай, то бок «недарускія» ці «недапалякі», толькі ў 2020 годзе з гонарам заявілі пра сябе: «Дык мы вось — мы з гэтай крыніцы».
І гэтых людзей вельмі шмат. Я езджу па дыяспарах і бачу тых, хто з’ехаў і пяць, і дзесяць год таму, хто даўно ўладкаваўся, яны з гонарам заяўляюць, што яны — беларусы.
Яны пачалі сваіх дзяцей вучыць беларускай мове, хоць тыя ўжо даўно размаўляюць па-ангельску ці нямецку.
Таму я думаю, што гэты 20-ы год увойдзе ў міфы і легенды.
І наш мірны пратэст не быў памылкай. Гэта быў ідэальны варыянт пратэсту. Памылкай было іншае, калі пасля нядзельнага пратэсту ў панядзелак людзі выйшлі на працу.
Вось гэта было памылкай. А тое, што пратэст быў мірны — гэта ёсць галоўная фіча. Бо ў тых краінах, дзе людзі адразу выходзілі біцца — Казахстане, Украіне — пратэст пераставаў быць масавым.
Тыя падзеі я лічу найвышэйшым дасягненнем нашага агульнага духу. Я дагэтуль знаходжуся пад уздымам ад тых падзей. І ў мяне з’явілася місія — убачыць і паўдзельнічаць у Перамозе і абавязкова вярнуць сабе сваю краіну.
Таму я не разгублены зараз, я падтрымліваю, каго магу падтрымаць, і падтрымліваю сам сябе ў добрым стане, каб быць гатовым. І я буду гатовым, — сказаў Піт Паўлаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное