«Раман Бандарэнка — гэта своеасаблівая «ікона» ўсіх беларусаў, забітых і зняволеных рэжымам Лукашэнкі»
Чатыры гады з дня гібелі. Мы памятаем.
11 лістапада 2020 года Раман Бандарэнка прыйшоў на мінскую «Плошчу Перамен», каб спытаць людзей у цывільным і масках, навошта яны здымаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Як распавядалі відавочцы, на Рамана накінуліся невядомыя, сталі збіваць, а пасля занеслі ў мікрааўтобус.
Праз паўтары гадзіны ён быў дастаўлены з Цэнтральнага РУУС Мінска ў бальніцу. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, але, на жаль, лекары не змаглі выратаваць жыццё Рамана.
«Дыктатура не збіраецца перагортваць старонку з імем Рамана, — піша Хрысціянская візія. — Зусім нядаўна быў схоплены Ігар Ільяш, муж журналісткі Кацярыны Андрэевай. Кацярына вяла стрым з маніфестацыі ў памяць Бандарэнкі і зараз адбывае васьмігадовы тэрмін у калоніі. Ігар — у СІЗА пад крымінальнай справай.
Насценны роспіс, зроблены калісьці Раманам у трапезнай Жыровіцкага манастыра, знішчаны. І гэта вельмі яскрава паказвае, як царкоўная наменклатура падтрымлівае рэжым у імкненні «закатаць у асфальт» усё свабоднае, годнае і чалавечнае.
Мы таксама мусім не перагортваць старонку. Раман Бандарэнка — гэта своеасаблівая «ікона» ўсіх беларусаў, забітых і зняволеных рэжымам Лукашэнкі.
«Ікона», якая моўчкі нагадвае, як проста зараз у цэнтры Еўропы ламаюцца лёсы».
— Чатыры гады таму Раман Бандарэнка напісаў «Я выхожу», — напісаў сузаснавальнік фонда BySol Андрэй Стрыжак. — Астатняе ў ягонай кнізе лёсу напісалі іншыя людзі. Тыя, што забівалі. Тыя, што выходзілі пасля яго. Тыя, што пісалі пра яго. Тыя, што перасталі пісаць пра яго. Тыя, што памятаюць пра яго.
Жыццё перакрочыла праз смерць Ромы і пайшло далей. Людзі ня ў стане быць у жалобе так доўга.
Але ж памяць у стане. Я памятаю.
— Забойства Рамана — гэта не проста смутак адной сям'і: гэта агульны боль, які мы ўсе носім у сабе, — напісала Святлана Ціханоўская. — Тое, што здарылася той ноччу, на жаль, не адзінае злачынства. З-за помслівасці рэжыму цягам дзесяцігоддзяў у Беларусі бясследна знікалі людзі.
У 90-я гады знішчаліся палітыкі, ваенныя, актывісты, журналісты — людзі, якія мелі мужнасць казаць праўду. Усе яны былі пазбаўленыя жыцця проста за тое, што кінулі выклік дыктатуры — і не збаяліся супрацьстаяць Лукашэнку. На жаль, і сёння метад захавання ўлады ў рэжыму і яго памагатых той жа самы — гвалт.
Кожны дзень мы бачым новыя арышты і палітычныя пераследы, сутыкаемся з жудаснымі гісторыямі зняволенняў і катаванняў.
Рэпрэсіі не спыняюцца — яны сталі страшнай часткай штодзённасці. І, як раней, забіраюць свабоду і жыццё тых, хто мае адвагу адстойваць сваё меркаванне.
Кожны палітвязень, кожная ахвяра рэжыму — гэта разбураная сям'я, пакінутыя бацькі, жонкі і дзеці. Толькі за апошнія 4 гады мінімум 18 чалавек было забіта або закатавана рэжымам.
Нам нельга забываць пра тых, хто загінуў ад пераследу рэжыму. Гэта памяць не толькі пра мінулае, але і пра тое, што злачынствы працягваюцца. Нашая задача — дамагчыся справядлівасці і зрабіць усё, каб такія трагедыі больш ніколі не паўтарыліся.
У гадавіну смерці Рамана праваабарончы цэнтр «Вясна» узгадвае словы Алеся Бяляцкага, якія ён сказаў чатыры гады таму:
— Відавочна, што адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі ляжыць на міністэрстве ўнутраных справаў і тых, хто аддаваў міліцыі загад «закруціць гайкі». Улады правакуюць яшчэ большую напружанасць паміж імі і народам.
Я разумею, што следчы камітэт гатовы заплюшчваць вочы на любое беззаконне і гвалт, учынены сілавікамі. Але я веру, што аніводнае злачынства, учыненае супраць людзей, не будзе дараванае. Я заклікаю людзей не ўпадаць у роспач і адчай і далей адстойваць свае правы чалавека. Бо мы — не быдла!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное