Филин

Юлія Кот

Салавей: «Крый божа, гэта як зачыніцца ў хаце і ніколі не выходзіць, ні з кім не кантактаваць»

Лекар распавёў Филину пра тое, што стаіць за ростам долі беларускіх лекаў у аптэках і шпіталях.

Доля айчынных лекаў у беларускіх аптэках складае каля 70%, а ў шпіталях дасягае 90%. Пра гэта распавёў гендырэктар холдынгу «Белфармпрам» Ігар Мітрафанаў. Таксама ён адзначыў 2-3-разовую розніцу ў цане імпартных і айчынных прэпаратаў, і запэўніў, што айчынныя фармвытворцы «зябяспечваюць лекавую бяспеку дзяржавы, што безумоўна ёсць адной са складовых яе ўстойлівага развіцця».

Пра канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, а таксама бяспеку ваенную, лічбавую, дэмаграфічную, харчовую мы ўжо чулі ад чыноўнікаў не раз. Але «лекавая бяспека» — штосьці новае ў гэтым шэрагу.

Што гэта наогул азначае, і ці добра, што на рынку медпрэпаратаў пераважаюць айчынныя лекі, ці гэта вымушаная неабходнасць, — Филин абмеркаваў з намеснікам прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы, лекарам Станіславам Салаўём.

— Перавага айчынных лекаў — гэта не вымушаная мера, — мяркуе лекар. — Вымушаная — напрыклад, неабходнасць развіваць уласныя сродкі супрацьпаветранай абароны, бо ніхто, акрамя бліжэйшых саюзнікаў, табе з імі не дапаможа ў выпадку небяспекі. Умоўна, Ізраіль не прадасць сістэму «Жалезны купал» Кітаю, разумеючы, што калі  гэтая тэхналогія пападзе ў іншыя рукі, яна не будзе працаваць.

Таму я разумею, калі гаворка ідзе пра абаронны суверэнітэт. Магу зразумець размовы пра харчовую бяспеку, што ў дзяржавы павінен быць нейкі прадуктовы запас, каб сябе пракарміць (хоць патрабаваць вырошчваць усё сваё, калі ў вашым клімаце гэта не расце — глупства).

Аднак калі гаварыць пра лекі, то «лекавая бяспека» патыхае вар’яцтвам. У нармальным разуменні маецца на ўвазе, што на складах ёсць запасы лекаў, якія дазволяць краіне справіцца з навадненнем, ці падзеннем метэарыта, ці пандэміяй — з надзвычайнымі выклікамі, на якія трэба хутка рэагаваць. Але казаць пра бяспеку ў тым сэнсе, што мы мусім вырабляць усё свае — ну, такое.

Добра, што наша краіна выпускае лекі — гэта насамрэч файна. Наколькі яны эфектыўныя, якасныя — ужо іншае пытанне. Але калі атрымліваецца гэтыя лекі прадаваць за мяжу  — у краінах Афрыкі, у Расіі, некалі ва Украіне, — значыць, лекі працуюць, на іх ёсць попыт, на гэтым можна зарабляць грошы, папаўняць бюджэт. І ў будучыні, калі зменіцца палітычны рэжым, гэта можа стаць прыбытковай галіной эканомікі.

Аднак імкнуцца вырабляць самім цалкам усе сучасныя лекі, і толькі імі карыстацца — крый божа, гэта як зачыніцца ў хаце і ніколі не выходзіць, ні з кім не кантактаваць.

Беларусь (і наогул ніводная краіна) не можа выпускаць усе лекі на свеце ад усіх хваробаў і быць наперадзе планеты ўсёй, канстатуе лекар — ні ЗША, ні Кітай, ні Еўропа. Таму кожны робіць нешта сваё, але адмаўляцца ад закупкі больш якасных лекаў толькі з геапалітычных меркаванняў — мякка кажучы, неразумна.

— Лекі — гэта не ежа, не выбар паміж кавай з Уругваю ці Філіпін, якая больш да смаку. Кожны прэпарат — альбо пра якасць жыцця, альбо пра яго працягласць. І калі мы імкнемся да «лекавага суверэнітэту», скажам, у анкалогіі — так што, пакуль нашы не асвояць выпуск імунатэрапіі, беларускія пацыенты застануцца без якаснага лячэння? Інакш чым ідыятызмам гэта не назавеш.

Калі «лекавая бяспека» ў разуменні чыноўнікаў зводзіцца да таго, каб мець свой анальгін, парацэтамол, ібупрафен, пару звычайных антыбіётыкаў — то халера з ім, але калі пад гэтым разумець усе лекі, то пакуль іх няма сваіх, вы пазбаўляеце людзей медычнай дапамогі?

Гэта не значыць, дадае Станіслаў Салавей, што беларускія лекі не працуюць. Але пытанне якасці — і ў тым, наколькі айчынны прэпарат, і, умоўна, польскі эфектыўныя ў змяншэнні болі, у якога прэпарату меншы таксічны эфект, алергічныя і іншыя рэакцыі. А такой інфармацыі фактычна няма, і медыцынская статыстыка датычна ўздзеяння лекаў у Беларусі непразрыстая.

А галоўнае — што ў людзей такім чынам адбіраюць выбар, застаецца толькі «ясі што даюць».

Тлумачыцца гэта тым, мяркуе медык, што ў Мінздароўя РБ дзве супярэчлівыя задачы: з аднаго боку, забяспечыць здароўе насельніцтва, а з другога — спрыяць продажам айчынных прэпаратаў. Такім чынам, міністэрства само закупае беларускія лекі, само ж іх прадае — а пацыенты атрымліваюцца выкінутымі з гэтага ланцужка.

— Пры тым, як мы ведаем, медыцынскую сферу санкцыі не закранулі…

— Лекі ніколі не трапляюць пад санкцыі. Я не ведаю, што трэба зрабіць у сучасным свеце, каб такое абмежаванне было ўведзенае. Хіба што калі ўвесь сусвет будзе знішчаны ядзернай зброяй, і нікога акрамя Беларусі і Расеі ў ім не застанецца, тады патрэбны «лекавы суверэнітэт». Усе іншыя тлумачэнні — глупства касмічных маштабаў.

Цяперашняя перавага айчынных лекаў — гэта робіцца не ў якасці «бяспекі» або турботы, каб нашы грамадзяне былі забяспечаныя. Адзіная мэта — грошы, бабло. Мінаховы здароўя — гэта карпарацыя, якая спрыяе продажу беларускіх лекаў — фактычна, дзяржаўнага бізнесу, і ад гэтага немагчыма адмовіцца.

Бо можна кінуць паліць табак, піць гарэлку, замяніць адны прадукты другімі, а з лекамі нічога не зробіш. І атрымліваецца «купляйце беларускае — а не жадаеце, не лякуйцеся, нічога іншга мы вам не дамо». Такая функцыя выпампоўвання грошай з грамадзян.

І калі гаворка пра аптэчную сетку, гэта яшчэ паўбяды — можна праз сяброў ці сваякоў прывезці імпартныя лекі з іншай краіны. А ў стацыянары нельга прынесці нічога «свайго», пацыент вымушаны прымаць толькі тое, што там даюць.

Безумоўна, добра, што такая магчымасць увогуле ёсць, што гэта бескаштоўна, бо з падаткаў нашых ужо аплочана. Але нельга звязваць лекараў і пацыентаў па руках, не даючы ім магчымасці выбраць нешта іншае, нават за свае ўласныя грошы, і гэтым яшчэ ганарыцца!

— Насамрэч нават з пункту гледжання грошай схема сумнеўная: калі вырабіць свае лекі будзе даўжэй і даражэй, чым набыць імпартныя — гэта нагадвае гісторыю з айчыннай вакцынай ад ковіду. Ужо і пра заканчэнне пандэміі каранавіруса САЗ абвясціў летась, і штамаў колькі змянілася, і мільёны асвоілі — а вакцына ці то ёсць, ці няма.

— У гэтым і пытанне. Калі ёсць фармкампаніі, якія добра робяць абязбольваючае — окей, выпускайце, прадавайце на сваіх рынках збыту ў Азіі, Афрыцы, у Еўропе. Але старацца ўсё падмяніць сваім — бздура. Чыноўнікі памяшаліся на «суверэнітэце», каб не залежаць ад імпарту ва ўсіх галінах.

Без медычнай дапамогі, без лекаў чалавецтва насамрэч не вымрэ. Не вымерлі ж мы да ХХ стагоддзя, калі антыбіётыкаў не было наогул. Але якасць жыцця, яго падоўжанасць, тое, што ў нас мужчыны паміраюць, ці не адразу пасля выхаду на пенсію — вось аб чым трэба думаць.

Так, арыгінальныя лекі каштуюць дорага, і гэта ўсе разумеюць. Кампанія, якая распрацавала ноу-хау, патэнтуе яго, і цягам 10 год ніхто не мае права выпускаць тое ж самае. Рэальна гэты перыяд манаполіі нават меншы, бо першыя некалькі год праводзяцца тэсты, ацэнкі, сертыфікацыя і іншае — і ўсё адно за гэты час кампанія-вынаходнік адбівае ўкладзеныя грошы. А потым іншыя кампаніі — тая ж Bayer, Gedeon Richter — яны ўсе выпускаюць джэнерыкі, якія трошкі танней, і на тым зарабляюць.

Але для Беларусі няма сэнсу і збіваць цэны на джэнерыкі — хіба мы пасварыліся з Індыяй і Кітаем, у якіх усё гэта закупляем? Была, дарэчы, гісторыя з «беларускімі» лекамі, якія ў Беларусі фактычна толькі расфасоўваліся і былі даражэйшымі за замежны аналаг, але мы вымушаныя былі прапісваць іх, бо за рэкамендацыю імпартнага маглі «даць па шапцы».

Ва ўсім свеце перайманню новага медычнага досведу спрыяюць, кампаніі шмат укладваюць у навуку, у лектараў, якія даюць урачам новыя веды, а хворым больш якасную дапамогу, а ў нас гэта прыразноўваецца да карупцыі, бо «не беларускае».

Я перакананы, што ўсё фармулёўкі пра «бяспеку» і «суверэнітэт» пішуцца дла аднаго старога дурня з вусамі, для якога гэта прыгожае слоўца закрывае ўсё астатняе. А так палітыка міністэрства не мянялася: выпампоўванне бабла з насельніцтва. Здароўе грамадзян — апошняе, што хвалюе цяперашнюю адміністрацыю Мінаховы здароўя.