Экономика

«Санкцыі — не адзіная праблема «Беларуськалію», ёсць пытанні і з эфектыўнасцю»

Даследчыкі разабраліся з узроўнем энергетычнай эфектыўнасці заводаў ў Беларусі. Вынікі публікуе Зялёны партал.

Параўнальны аналіз найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі правялі дзве арганізацыі-чальцы альянсу «Зялёная Беларусь» — «Зялёная сетка» разам са спецыялістамі iSANS.

Завод у Баранавічах, 1964 г.

Пра цэмент дадзеныя ёсць, пра цукар — няма: аналіз пры недахопе дадзеных

Заводы ў Беларусі паміраюць ці, наадварот, самыя перадавыя ў Еўропе? З адной тэзай выступаюць крытыкі беларускай прамысловасці, з другой – яе абаронцы. Але напраўду прадпрыемствы ў Беларусі даволі розныя, аб чым зрабілі выснову спецыялісты ў справаздачы «Аналіз энергетычнай эфектыўнасці ключавых прамысловых арганізацый Беларусі».

— На складанае пытанне нельга было даць просты адказ, – кажа Яўген Макарчук, спецыяліст аддзела энергетычнай бяспекі iSANS. – І мы зрабілі першы крок. Мы сабралі дадзеныя, якія даступныя, і па выніках іх аналізу можам сказаць, на якіх прадпрыемствах дакладна праблемы. Умоўна кажучы, калі прадпрыемствы — пацыент, то мы памералі ім ціск.

Спецыяліст тлумачыць, што праз недахоп дадзеных немагчыма вызначыць характар праблем і прадпрыемствы, дзе іх трэба вырашаць — больш за тое, некаторым прадпрыемствам увогуле складана даць ацэнку. Але ў той жа час, зазначае спецыяліст, атрымалася вызначыцца з шэрагам месцаў, у якіх маецца значны патэнцыял павышэння энергаёмкасці.

Чаму энергаёмкасць важна для экалогіі? Бо ў Беларусі маленькая доля ўзнаўляльных крыніц, тлумачыць Яўген Макарчук.

— Спажыванне энергіі адбываецца ў выглядзе спальвання газу і нафтапрадуктаў, якія пры спальванні пераўтвараюцца ў СО2, парніковы газ. Альбо аксідаў азоту і серы, што яшчэ горш для лакальных экасістэмы і суполак, – кажа ён.

Даследванне прысвечанае энергаёмкасці розных галін прамысловасці і іх тэхналогіям на аснове публічна даступных дадзеных у Беларусі. Яно дае агульнае ўяўленне пра балявыя кропкі і моцныя бакі прамысловасці.

«Гродна Азот» мае праблемы — але не з энергаёмкасцю

Аб паспяховай працы прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці пішуць дзяржаўныя СМІ, яны ж зазначаюць, што адбывалася мадэрнізацыя, прычым шмат сродкаў уклалі ў яе самі прадпрыемствы.

Сярод іх «Гродна Азот» — адно з найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў. Дзяржава паляпшае яго рамачныя ўмовы працы і нават уганаравала прадпрыемства дыпломам за інавацыйнасць.

Фота: belchemoil.by

Прадпрыемства і праўда сучаснае. Гэта паказвае энергаёмкасць вытворчасці, якая вымяраецца ў спажыванні энергіі на тону вытворчасці аміяку – аднаго з першых этапаў, самага энергаёмкага. Лічбы кажуць, што адрозненні паміж паказнікамі завода ў Беларусі і ў лепшых еўрапейскіх практыках — невялікія.

Спажыванне энергіі ў ЕС складае 27,6–31,8 GJ/тону аміяку ці 940–1 085 кг умоўнага паліва/тону, згодна зборніку лепшых тэхналогій BAT EU (best available technologies EU) для вытворчасці азотных угнаенняў.

Пры ўзроўні вытворчасці аміяку ў 2020 годзе на ўзроўні 1 089 тысяч тон атрымліваецца сярэдні расход газу 1,29–1,38 тысяч м³/тону ці 924 кг у. п./тону аміяку.

— З гэтага можна зрабіць высновы, што асаблівая мадэрнізацыя на заводзе «Гродна Азот» не патрабуецца, – кажа Яўген Макарчук. – Калі завод і мае праблемы – то не праз высокую энергаёмкасць.

Застаецца хіба дадаць, што з 2021 года «Гродна Азот» — пад санкцыямі ЕС.

Калійная галіна — не такая перадавая, як здаецца

Рэпутацыю аднаго з самых паспяховых прадпрыемстваў у краіне таксама мае салігорскі «Беларуськалій». Ён таксама пад санкцыямі, але, нягледзячы на гэта, працягвае экспарт прадукцыі, хаця і зменшыў яго памер.

Фота: esoligorsk.by

Але санкцыі — не адзіная праблема прадпрыемства, ёсць пытанні і з эфектыўнасцю. Гэта выснова, зробленая пры параўнанні сучасных тэхналогій на беларускім баку і тэхналогій 2000 года ў Канадзе (у ЕС калій не здабываюць).

У сярэднім у Канадзе спажыванне энергіі на вытворчасць тоны калійных угнаенняў складала каля 600 кВтч/тону (73,7 кг у. п./тону).

У Беларусі – на ўзроўні 79 (кг у. п./тону).

Яўген Макарчук звяртае ўвагу: такая энергаёмкасць звязана з рознымі тэхналогіямі здабычы калію.

Пры здабычы звычайным спосабам з выкарыстаннем шахт і падземнага абсталявання энергаёмкасць у Канадзе складае 364 кВтг/тону (44,7 кг у. т./тону). Але ў Канадзе тры прадпрыемствы здабываюць калій праз тэхналогію, якая патрабуе больш энергіі — прапампоўваючы праз калійны гарызонт ваду і выпарваючы яе пасля вымання.

У выніку ўдзельны выдатак складае каля 1 300 квтч/тону (160 кг у. т./тону). Вось так ў сярэднім атрымоўваецца каля 73,7 кг у. п./тону.

У Беларусі выкарыстоўваюць звычайны шахтны метад здабычы, таму трэба параўноўваць энергаёмкасць для аднолькавых тэхналогій, то розніца атрымліваецца сур’ёзнай – 44 і 73,7 кг у. п./тону. А значыць, калійнай галіне ў Беларусі неабходна сур’ёзная мадэрнізацыя абсталявання, тлумачыць суразмоўца.

— Гэтыя дадзеныя кажуць аб тым, што ёсць патэнцыял да падвышэння эканамічнасці тэхналогій, з іншага боку — пры прамой канкурэнцыі на сусветным рынку ёсць рызыка, што мы будзем прайграваць ці недаатрымліваць прыбытак, – кажа Яўген Макарчук. – Ёсць падазрэнне, што мы проста губляем грошы і ствараем больш выкідаў, чым маглі б.

Светлагорскі ЦКК — неэкалагічны, але эфектыўны

Ёсць і іншыя прыклады: меншыя прадпрыемствы з лепшымі поспехамі. Возьмем скандальна вядомы сваімі праблемамі з экалогіяй завод у Светлагорску, які спажывае ў тры разы менш энергіі, чым аналагічнае прадпрыемства ў сярэднім па ЕС, кажа Яўген Макарчук.

У сярэднім па ЕС на вытворчасць адной тоны кардону ці другой папяровай прадукцыі выкарыстоўваецца каля 11,5 ГДж (392,4 кг у. т./тону).

На Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце энергаэфектыўнасць знаходзіцца на ўзроўні 190–220 кг у. т./тону

— ЦКК трэба папрацаваць з выкідамі, фільтрамі і гэтак далей — і выглядае някепскім прадпрыемствам, – падсумоўвае Яўген Макарчук.

Нафта і іншыя галіны прамысловасці

Таксама аўтары аналізу прыводзяць ацэнкі па іншых галінах прамысловасці:

На выпуск кожнага новага шклянога вырабу з 2017 года выдаткуецца ўсё больш энергіі (і мы ўжо ніжэй за ўзровень самых горшых практык ЕС).

З паперай — наадварот: выдаткі нашмат ніжэй за ЕС.

Па шэрагу прадпрыемстваў і галін (металургія, вытворчасць шын, перавозка грузаў) дадзеных для адэкватнага параўнання з ЕС недастаткова.

Некаторыя вобласці, як, напрыклад, перапрацоўка нафты, маюць свае асаблівасці. Эфектыўнасць яе перапрацоўкі ў Беларусі знаходзіцца бліжэй да ніжняй планкі энергаэфектыўнасці ў Еўропе, але ёсць нюанс.

Фота: @gazeta_mnpz

У дадзеным выпадку высокае энергаспажыванне не азначае нізкую эфектыўнасць. Прычына ў асаблівасці тэхналогіі: для НПЗ энергаспажыванне мераецца на кілаграм нафты (сыравіны), які можа праходзіць розную колькасць установак, калі для другіх прамысловасцей звычайна мераецца аб’ём выпуску (прадукцыі).

Такім чынам, кожная дадатковая устаноўка, якая паляпшае ступень перапрацоўкі нафты, спажывае дадатковую энергію, але ў той жа час паляпшае якасць, павялічваючы выхад бензіну і дызелю.

— У выніку у нас па энергаёмкасці трошку горш, чым у ЕС. Але па колькасці установак трошку больш за сярэдняе па ЕС. І вынік такі, што нашы НПЗ працуюць на ўзроўні і могуць канкураваць з еўрапейскімі, – кажа спецыяліст.

Спушчаная зверху мадэрнізацыя — не працуе

Цікавы аспект — мадэрнізацыя прамысловасцяў, прызначаная зверху, – звяртае ўвагу Яўген Макарчук. Яе прайшлі ўсе тры цэментныя прамысловасці ў Беларусі ў 2012–2015 гадах.

Сярод розных тэхналогій беларускія заводы выбралі аптымальную — сухую, тлумачыць спецыяліст. Але, як ні дзіўна, выдаткі энергіі даволі вялікія, нібыта выкарыстоўваецца менш эфектыўная мокрая.

— Мы будавалі лініі па сухіх тэхналогіях вытворчасці цэменту, але іх паказчыкі энергаёмкасці — на ўзроўні мокрых (больш старых) тэхналогій у Еўропе. Так, лепшыя сухія тэхналогіі ў ЕЗ даюць энергаёмкасць каля 102–143 кг у. п./тону клінкеру, для мокрых — 170–220 кілаграмаў умоўнага паліва на тону клінкера, – кажа Яўген Макарчук.

Паказчык прадпрыемстваў ў Беларусі знаходзіцца каля 170-180 кг у. п./тону клінкеру, што больш адпавядае мокрым тэхналогіям і значна горш за звычайнае выкарыстанне сухіх тэхналогій ў ЕС. Каб зразумець праблему, нам бы добра зараз разгледзець тэхналогіі падрабязней, але пра іх няма дадзеных.

Ён дадае, што пры такім падыходзе мадэрнізацыя можа не акупіцца, і параўноўвае яе з іншымі. Заводы, якія праводзілі мадэрнізацыю па тэхналагічных прычынах, тлумачыць эксперт — як «Гродна Азот» — знаходзяцца прыкладна ў рэчышчы еўрапейскіх практык.

— Калі мадэрнізацыя з’яўляецца бізнес-планам завода — яна працуе, а калі гэта палітычнае рашэнне, як у цэментных заводаў, то нічога не працуе. Прычына ў тым, што размова пра мадэрнізацыю (імаверна) сыходзіць не ад інжынераў, а зверху. І адна справа, калі ў цябе стымул зарабляць грошы — ты робіш праект, каб іх зарабіць. Іншая — калі грошы ты атрымаеш ужо за тое, што прыгожа распісаў як ўсе будзе выглядаць, – кажа Яўген Макарчук.

Вынікі даследвання маюць агульны характар, і прычына — у недахопе публічных дадзеных пра тэхналогіі, дадае спецыяліст. На аснове больш дакладнай інфармацыі можна было б вызначыць, у чым менавіта праблема канкрэтнай вытворчасці і разлічыць аб’ём сродкаў на выпраўленне праблемы і давядзенне прадпрыемстваў да еўрапейскага ўзроўню энергаёмкасці.