«Шмат людзей, якія «сушаць» свае асабістыя рэчы разам і ў публічным месцы. І праз гэта адзін пра аднаго нямала ўсяго ведаюць»

Пра канфлікт з мамай праз погляды, спектаклі на аснове ўласнага жыцця, і тое, што трымае на плаву, «Салідарнасці» распавяла рэжысёрка і акторка Жэня Давідзенка, якая цяпер жыве ў Гданьску.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

— Жэня, вы і п’есы самі пішаце, і спектаклі ставіце, і граеце ў іх. І баліць, калі нават бачыш назву вашага спектакля «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». Што самае цяжкае было ў вашай эміграцыі?

— Я планавала эміграваць, але, напэўна, не такім чынам, як гэта ў выніку атрымалася. Было вельмі траўматычна праводзіць з Беларусі за мяжу ўсіх сваіх сяброў. І ў нейкі момант зразумела, што лепш тут ужо не стане.

Пачалася вайна ва Ўкраіне, і ў той жа дзень я паехала ў Варшаву без разумення, што будзе далей. Я толькі атрымала візу, і мне было страшна, што ў любы момант зачыняць межы. Таму я вырашыла выязджаць як мага хутчэй, хоць гэта і не было лёгка.

Асцярогі апраўдаліся: праз тры дні ўначы па мяне прыйшлі. Да таго мне адкрыта казалі, што я ў чарзе і час змяніць свой палітычны светапогляд.

Вайна стала апошняй кропкай. Не ведаю як бы я магла працягваць жыць на тэрыторыі Беларусі.

Яшчэ мая матуля падтрымлівае Лукашэнка і ўсю гэтую вакханалію. І слухаць тыя каментары, разумець, што грамадства зараз падзеліцца на розныя бакі... І што па краіне, якую я вельмі люблю, з тэрыторыі маёй краіны ляцяць бомбы — гэта немажліва. Было вельмі страшна.

— Што вам адказала матуля, калі пачула, што вы з’яжджаеце бо ўсё гэта невыносна?

— У маім спектаклі ёсць дакладныя вытрымкі з нашай перапіскі. З яе ўвогуле пачынаецца спектакль.

Мы не падтрымлівалі моцны кантакт ужо і ў Беларусі. Але калі я напісала, што сёння буду з'язджаць, яна адказала, што «гэта глупства, вайны не існуе» і іншыя каментары, што нават калі вайна пачалася, то так і трэба. Што няма нічога лепей, чым любіць сваю Радзіму, а «заграница хороша только из окна экскурсионного автобуса».

Вы яе неяк разумееце? Чаму ў яе такія думкі?

— Я вельмі шмат пра гэта думала. Мне падаецца, што гэта вельмі глыбокі страх: зразумець, што тое, у што ты верыў, ідэалізаваў  — гэта дрэнна. Хаця гэтае слова не апісвае ўсяго.

Ну і ў маёй матулі вельмі складаны характар. Аднойчы, пасля 2020-га, яна мне сказала: «Так, вас большасць, але мы ўсё роўна мацней. У нас больш сілы».

— Вы зараз не кантактуеце?

— Не, гэта немажліва і вельмі складана. Я стаўлюся да гэтага так: навошта мне сістэмнае асуджэнне майго жыцця, майго выбару, калі я магу гэтага не чуць? Бо гэта цалкам уплывае на маё жыццё. Гэта цягнулася праз усё маё жыццё, заўсёды.

Трымаць стасункі таму, што мы маем сваяцтва? Для мяне гэта бессэнсоўна.

Наколькі вам было цяжка выносіць свае асабістыя стасункі на публіку, у тэатр? Ці, наадварот, такая была патрэба?

— У нейкі момант я зразумела, што гэта дапамагае некаторым людзям, таму што гісторыі паўтараюцца. І зразумела, што можна падзяліцца гэтай гісторыяй не ў жаласным сэнсе. А як факт – свет суперрозны.

«Іншы не зможа дапамагчы альбо штосьці паправіць. Тады навошта людзям псаваць настрой?»

— Вы пісалі ў сваім інстаграме, што «чем больше любви, тем больше и больнее скорбь. Я киваю, а по щекам текут слезы, долго-долго. Моя семья прочерк. Я повторяю по кругу, но не могу поверить, поэтому повторяю по кругу. У меня был большой друг-хранитель моего детства мой дедушка».

Ці думалі вы, што бы зараз сказаў на ўсё гэта ваш дзядуля?

— Незадоўга да смерці ён сказаў мне, што разумее, чаму я з’ехала менавіта ў Гданьск. І што зычыць мне толькі найлепшага.

Дзядуля менавіта той чалавек, што прывёў мяне ў тэатр. Але, на жаль, не бачыў нічога, што я рабіла, як рэжысёрка і акторка. Спадзяюся, што зараз дзесьці адтуль ён нарэшце бачыць.

Дзядуля заўсёды быў за мяне і толькі за мяне. Таму зараз, напэўна б, цяжка ўздыхнуў і сказаў, што я самая лепшая. І ўсё.

— А пра адносіны з матуляй што б ён, можа, сказаў?

— Мы асабліва з ім пра гэта не размаўлялі. Ён проста не ведаў пра гэта. Я, напэўна, не бачу сэнсу ў тым, каб гэтым дзяліцца. Ніхто іншы не зможа неяк нам дапамагчы альбо штосьці паправіць. Тады навошта людзям псаваць настрой?

— Не бачыце сэнсу псаваць настрой блізкім, але ж вы пра гэта асабістае гаворыце са сцэны на вялікую аўдыторыю...

— Выкарыстоўваць дакументальную гісторыю ў спектаклі — гэта магчымасць паказаць гледачу, што ўвогуле адбываецца ў розных людзей альбо падтрымаць кагосьці, што ён не адзін у складаным становішчы, каб не губляліся надзея і сілы.

А размовы ў жыцці, акрамя тэрапеўтычных мэтаў, не маюць ніякіх. І калі людзі асабіста ад мяне чуюць розныя бокі нашых стасункаў з матуляй — проста губляюцца, цяжка ўздыхаюць, альбо пачынаюць даваць не патрэбныя парады.

Таму толькі блізкія людзі ну і ўжо гледачы, ведаюць некаторыя нюансы майго жыцця. Але некаторые гледачы ўспрымаюць гэта як частку спектаклю і не спалучаюць асабіста са мной — і мне гэта супер падыходзіць.

«У мяне трэці год няма дакументаў, якія легалізуюць мяне ў Польшчы»

— Вы рыхтуеце ў Гданьску спектакль-канцэрт «Расстраляныя». І наогул, глядзіш ваш інстаграм і здаецца, што ў вас усё даволі хуценька атрымліваецца. Некаторыя акторы і ў таксі працаваць ідуць у Польшчы, бо няшмат працы ў эміграцыі.

— Гэта ілюзія сацыяльных сетак: усё, канешне, не так проста і радасна. Напрыклад, у мяне дагэтуль няма дакументаў, якія легалізуюць мяне ў Польшчы, чакаю іх ужо трэці год.

Спектаклі атрымліваюцца з-за вялікага жадання. І я вельмі не люблю негатыў, таму стараюся заўсёды заставацца пазітыўнай.

Што тычыцца «Расстраляных», у мінулым годзе мне прыйшла ідэя зрабіць штосьці большае, чым чытанне вершаў людзей, якія былі закатаваныя праз жудасныя рэчы і падзеі. У мяне з паэзіяй цяжкавата, я больш люблю музыку. Таму прапанавала музыкам, з якімі была знаёмая, пакласці вершы на музыку.

Потым прапанавала паўдзельнічаць знаёмым акторам. Гэта людзі, якія гатовы на больш-менш дармавую працу дзеля важных рэчаў. Так і атрымалася.

У гэтым годзе мы ўжо павялічваем маштаб: граем ў тэатры, і гэта таксама насамрэч робіцца без грошай альбо за маі/нашы асабістыя грошы. Але з падтрымкай людзей, якія ў гэтым зацікаўлены. На жаль, зараз яно працуе менавіта так. Але спадзяюся, што далей будзе больш і лепш.

— Чаму вы трэці год чакаеце дакументы?

— Таму што бюракратычныя працэсы часам бываюць і такія. Спачатку мае дакумены згубілі ва ўжондзе. Гэта доўгая гісторыя, якая пакуль не скончана і таму траўматычная. Зараз я чакаю міжнародную ахову.

Што тычыцца самой эміграцыі, то я з самага пачатку ставілася да яе як да мажлівасці пачаць усё наноў. Хоць гэта і суперканфліктна, бо менш год нам усё ж не становіцца. Але ж гэта мажлівасць!

Я атрымліваю вялікую асалоду ад кантакту з мясцовымі жыхарамі. Ад адкрыцця розных моўных цікавых рэчаў, адкрыцця сябе праз мовы. Гэта прыносіць мне вялікую сілу і задавальненне.

Я вельмі люблю Гданьск, напрыклад, я ніколі так асабліва не любіла Менск.

Падаецца, эміграцыя робіць цябе трошкі лягчэй як чалавека. Таму што разумееш: не абавязкова пускаць карані, можна ўвогуле іх не пускаць. І што насамрэч шмат чаго існуе навокал. І гэта ніякім чынам не залежыць ад твайго сталага месца знаходжання.

— Мяне неяк зачапіла, што вы ніколі не любілі Менск. Чаму?

— Я вельмі любіла Менск, калі мне там было чым займацца. Напрыклад, калі быў ОК’16, мая цудоўная праца ў тэатры (Цэнтры Беларускай Драматургіі пры РТБД), шмат клёвых культурных падзеяў.

Любіла Менск з пункту гледжання гісторыі, але ніколі — з пункту гледжання, напрыклад, архітэктуры. Ён не прыносіў мне асаблівага візуальнага задавальнення, хоть у мяне і былі любімыя месцы.

Маё пачуццё дому і спакою фарміруецца праз людзей. Але візуальнага адпачынку ці поўнага прыняцця пасля 2020-га, што вось тут дом, у мяне не засталося.

Зараз я разумею, што можна ўвогуле не мець гэтага адчування. Але Гданьск я люблю ў першую чаргу візуальна: з-за яго надзвычай рознай архітэктуры, ад суперпрыгожай да крынжовай. Ад руін да заводаў. І мне тут спакойна і шчасліва.

Ну і, канешне жа, мы не будзем забываць пра наяўнасць мора, а не так далёка — і гор. І мне вельмі тут пасуюць людзі, рознага ўзросту і з розным бэкграўндам. Яшчэ гэта вельмі моцны горад музыкі, яна тут з усіх бакоў і гэта вельмі натхняе. 

— Якая самая вялікая на сёння складанасць?

— Не згубіць надзею. Хочацца мець надзею, мары і трымацца. А часам праз розныя складанасці і навіны, разуменне, у якім часе і свеце мы жывем, сутыкаючыся з рознымі рэчамі — бывае, накрывае адчай. Калі не разумееш навошта, дзеля чаго і як.

Самае складанае — знаходзіць разуменне, задавальненне і матывацыю. І нават знаходзіць радасць у кожным дні ад таго, што ты жывеш.

Дапамагае гумар, а часам і проста ўзгадаць, што ў мяне ёсць жыццё, і глупства не карыстацца момантам, які больш не паўтарыцца. Часам дапамагае ўзгадаць, аб чым я марыла ў дзяцінстве. Пасядзець у лесе, ці на моры і знайсці ў гэтым нейкі спакой. Ці пачуць добрыя альбо нават злыя каментары наконт таго , што было зроблена. І таксама гэтым натхніцца.

На жаль я не маю пазітыўных надзеяў на будучыню, мне падаецца, што сусвет коціцца зусім не туды, таму спрабую ўтрымаць і неяк памнажаць дабрыню, як у сабе, так і ў людзях.

— А пра што марылі ў дзяцінстве?

— Я з дзяцінства любіла будаваць нейкія суперкраіны мараў. Адна з самых вялікіх мараў была зрабіць так, каб усе людзі свету маглі жыць у адным двары. І я з бялізнавай вяроўкай у двары. Памятаеце, як на Асмолаўцы сушаць бялізну? Як было ў маёй бабулі, калі ўсе суседзі разам сушылі свае рэчы. І ўсе адзін з адным знаёмыя.

Але ж тут самае галоўнае — атрымліваць задавальненне ад усіх гэтых людзей і стасункаў. Бо так шмат людзей, якія насамрэч «сушаць» свае асабістыя рэчы разам і ў публічным месцы. І праз гэта адзін пра аднаго шмат усяго ведаюць...

Дзяцінства даўно мінула, але ж мне і зараз калі-нікалі здаецца, што дастаткова хаця б дапамагчы блізкаму — і вось мы ўжо на крок бліжэй да таго цудоўнага двара-мары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(10)