Коктейль

Скарына — супергерой. Мультфільмы па гісторыі Беларусі, створаныя беларускімі дзецьмі ў Польшчы, набіраюць папулярнасць

Ужо больш за 7000 праглядаў набралі мультфільмы па гісторыі Беларусі, створаныя беларускімі дзецьмі ў Польшчы.

Асноўная асаблівасць праграмы «Дзеці для дзяцей» — мультфільмы, якія былі зробленыя на падставе выяваў, створаных дзецьмі падчас семінараў па нейраілюстрацыях у сямі гарадах Польшчы.

У праекце прынялі ўдзел дзеці ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў, якія стварылі сотні малюнкаў. На іх аснове былі зробленыя анімацыі пра выдатных дзеячаў беларускай гісторыі, такіх як Францыск Скарына, Усяслаў Чарадзей, Анастасія Слуцкая, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Ігнат Дамейка.

Скарына — супергерой эпохі Адраджэння

Серыя пра Францыска Скарыну была эксперыментальнай. Тут дзеці не толькі стваралі ілюстрацыі, але і актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы сцэнарыя. У выніку ў гісторыі пра першадрукара апавядаецца, напрыклад:

  • пра кошт кніг;
  • пра тое, як Францыск атрымаў дыплом, ніводнага дня не адвучыўшыся ў Балонскім універсітэце;
  • пра тое, што веды — гэта не проста сіла, гэта СУПЕРСІЛА.

— Мы збіралі тэкст як пазл. У дзяцей былі карткі з фрагментамі біяграфіі Скарыны і яго значнымі дасягненнямі, і яны самі выбіралі, якую інфармацыю яны хацелі б уключыць у сцэнар. У выніку абмеркавання мы прыйшлі да фармулёўкі, што веды — гэта не проста сіла, гэта СУПЕРСІЛА. А вобраз Скарыны пераўтварыўся ў своеасаблівага «супергероя эпохі Адраджэння», — дзеліцца Аляксандра, кіраўніца праекта «Дзеці для дзяцей».

Ілюстрацыі і анімацыя: погляд на гісторыю вачыма дзяцей

Калі візуалізацыі іншых гістарычных персанажаў, такіх як Усяслаў Чарадзей і Анастасія Слуцкая, выкананыя ў класічным акварэльным стылі, то ўсе ілюстрацыі, створаныя для серыі пра Францыска Скарыну, вытрыманыя ў яркіх фарбах коміксаў. Гэта было зроблена для таго, каб прадставіць гісторыю Беларусі ў фармаце, які будзе бліжэйшы і больш зразумелы юным удзельнікам.

— Мы далі дзецям выбар, каб яны маглі візуалізаваць гісторыю Беларусі ў той форме, якая ім зразумелая і цікавая. І, вывучаючы розныя мастацкія стылі ў нейраілюстраванні, дзеці галасавалі за тое, якім будзе мультфільм пра Скарыну. Хтосьці быў за дыснэеўскі стыль і анімэ, але большасць удзельнікаў выказаліся за «comic style». Калі шчыра, мы не чакалі такіх вынікаў, — дадае Аляксандра.

Мультфільмы створаныя ў межах праграмы «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» пры ўдзеле фонду «Цэнтр грамадскага дыялогу». У верасні мультфільмы былі прэзентаваныя на розных пляцоўках і аўдыторыях. Гледачамі былі таксама дзеці з Украіны і Польшчы, а ўсе ўдзельнікі маглі паспрабаваць сябе ў ролі аніматара-пачаткоўца. У планах арганізатараў — мультфільмы пра агульную гісторыю, створаныя і расказаныя самімі дзецьмі.

Паглядзець ужо створаныя мультфільмы можна на YouTube-канале «Дзеці для дзяцей».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)