Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вялікая частка рэпрэсій схаваная, бо людзі баяцца пра гэта гаварыць»

Спецыяльны дакладчык Нільс Муйжніекс — пра спробы камунікацыі з беларускім рэжымам.

Нільс Муйжніекс, фото politeka.net

— Маю папярэдніцу Анаіс Марэн за шэсць гадоў яе працы на гэтай пасадзе ні разу не ўпусцілі ў Беларусь, нягледзячы на запыты, — адзначыў Нільс Муйжніекс на прэс-канферэнцыі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Спадар Муйжніекс каля трох месяцаў таму змяніў на пасадзе спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі спадарыню Марэн. Ён расказаў, што таксама дасылаў запыт аб візіце ў нашу краіну.

— Я папрасіў, каб мяне ўпусцілі ў краіну, але сказаў, што не паеду, калі мой візіт не будзе мець сэнсу. Для мяне важна, каб гэты візіт меў сэнс.

І для гэтага трэба, каб я мог сустрэцца з палітвязнямі. Я гэта рабіў у іншых краінах і не бачу, чаму гэта цалкам немагчыма ў Беларусі. Але нельга сказаць, што я ўкладаю вялікія надзеі на тое, што гэта адбудзецца. Я спадзяюся, але не разлічваю на супрацоўніцтва.

Мая папярэдніца ў адным з дакладаў спрабавала прадэманстраваць, што беларускія ўлады не супрацоўнічаюць з ААН. Адна з формаў супрацоўніцтва, вядома ж, гэта ўпусціць спецдакладчыка ў краіну, на дапамогу якой яго праца накіравана.

Пакуль што гэта не атрымліваецца. Але я буду працягваць спробы.

Асабліва цяпер (падчас электаральнай кампаніі — С.) цікава будзе паглядзець, як беларускія ўлады адрэагуюць на ўвесь шум вакол парушэння правоў чалавека ў Беларусі, і, можа, яны змогуць сказаць: «Няхай ён прыедзе і сам паглядзіць», — выказаў спадзяванні эксперт па правах чалавека.

Ён падкрэсліў, што пакуль беларускія ўлады ігнаравалі мандат спецдакладчыка ААН, і расказаў, як увогуле адбываецца камунікацыя.

— Некаторыя адказы на нашы лісты з абвінавачваннямі, што накіроўваліся цягам апошняга года, мы атрымалі. Не на ўсе.

Да таго ж часам у гэтых адказах не было шмат нейкай канкрэтнай інфармацыі. Але часта карысная інфармацыя там для лепшага разумення сітуацыі ўсё ж такі ёсць. То бок нельга сказаць, што цалкам выключана, што беларускі бок можа пайсці на шырэйшае супрацоўніцтва.

Цягам майго прыходу на пасаду мы даслалі некалькі розных запытаў беларускім уладам. Самая істотная камунікацыя, якая адбылася, звязаная з завочнымі судамі. Гэта быў так званы ліст з абвінавачваннямі.

Гэта адмысловы тэрмін ААН, калі мы дасылаем падрабязны ліст з меркаванымі парушэннямі правоў чалавека. Пад тым лістом падпісаліся таксама і іншыя калегі-спецдакладчыкі.

У лісце мы задалі шэраг пытанняў, якія вызываюць занепакоенасць у сувязі з правядзеннем завочных судоў. Гэта і пытанне аб доступе да паслуг адвакатаў, і аб прэзумпцыі невінаватасці, і аб роўнасці бакоў падчас судоў, і аб доступе да інфармацыі для абвінавачаных, і шэраг розных іншых пытанняў, звязаных з правамі чалавека.

Таксама былі канкрэтныя пацярпелыя ад такіх парушэнняў, мы іх сабралі каля 15, пералічылі і цяпер чакаем адказу ад беларускіх уладаў. Ён павінен быць апублікаваны ў сярэдзіне лютага.

Яшчэ адна камунікацыя, якая адбылася, была звязана з лістом з абвінавачваннямі, датычнымі гендарна абумоўленага гвалту супраць жанчын у зняволенні. Датычнымі асаблівай злоснасці, што была праяўленая да шэрагу палітзняволеных жанчын.

Інфармацыя пра палітзняволеных у нас няпоўная, бо беларускія ўлады яе не публікуюць. Давозіцца збіраць па кавалачках ад родных, ад былых вязняў, якім вядомая сітуацыя.

І гэтая інфармацыя таксама няпоўная, бо часта людзі баяцца дзяліцца тым, што з імі адбываецца, баяцца, што іх зноў пакараюць, што пацерпяць іх сем’і. То бок яны не хочуць шумець аб сваіх справах.

Калаж з фотаздымкаў некаторых з многіх соцень палітзняволеных у Беларусі на дэманстрацыі ў Варшаве,18 мая 2024 года. Фота Jaap Arriens/NurPhoto via AP Photo

Але ў нас ёсць канкрэтныя смелыя людзі, якія рызыкуюць уласнай бяспекай для таго, каб гэтай інфармацыяй падзяліцца. У маіх лістах з абвінавачваннямі я мушу атрымаць згоду кожнага чалавека, якога называю, — удакладніў спецдакладчык ААН.

Ён таксама адзначаў, што менавіта зараз, падчас электаральнай кампаніі шмат парушэнняў правоў чалавека сталі больш відавочнымі.

— Мая папярэдніца Анаіс Марэн таксама заўважыла, што часта выбары становяцца каталізатарам парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Так было тады, так адбываецца і цяпер.

Вольныя выбары патрабуюць свабоды думкі, свабоды СМІ, свабоды аб’яднанняў, свабоды мірных сходаў.

Вядома, што патрэбная і тэхнічная інфраструктура для правядзення выбараў. Неабходна забяспечыць празрыстасць выбарчых камісій, прадэманстраваць, што там прысутнічаюць прадстаўнікі розных бакоў, што няма неналежных абмежаванняў вылучэнню кандыдатур альбо выбарчых правоў, што няма неналежных абмежаванняў назірання за выбарамі, што забяспечваюцца пэўныя працэдурныя гарантыі.

Нічога з гэтага ў Беларусі няма — ані правоў, ані тэхнічнай інфраструктуры.

Праваабарончыя арганізацыі налічылі звыш 1200 палітычных вязняў у Беларусі. Гэта вялізная колькасць для такой краіны.

Дастаткова толькі параўнаць, напрыклад, з колькасцю палітычных вязняў у Расіі ці ў Кітаі, і вы пабачыце, што ў Беларусі вялізная колькасць палітычных зняволеных на душу насельніцтва па любых паказчыках.

Працягваюцца рэпрэсіі і паводле крымінальных, і паводле адміністрацыйных справаў палітычна матываванага характару. Так, з лета адбыліся некалькі памілаванняў, былі вызваленыя каля 250 чалавек.

Але больш вялікая частка рэпрэсій схаваная, бо людзі баяцца пра гэта гаварыць. І ўлады шмат інфармацыі не публікуюць, ні аб тых, каго пераследуюць, ні аб тых, каго вызваляюць.

У атмасферы распаўсюджанага страху і рэпрэсій вельмі цяжка праводзіць вольныя выбары, можа, нават немагчыма.

Калі выбаршчыкі не могуць незалежна сфармаваць сваё волевыяўленне, атрымаць незалежную інфармацыю, выбары нельга лічыць вольнымі, — падсумаваў Нільс Муйжніекс.