«Справы асабістыя». Сямейнае жыццё Васіля Быкава ў фотаздымках і ўспамінах
100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Васіль Быкаў быў жанаты двойчы. З першай жонкай, школьнай настаўніцай Надзеяй Кулагінай, ён пазнаёміўся ў Гродне, куды прыехаў пасля дэмабілізацыі з войска. Ён працаваў у рэдакцыі «Гродзенскай праўды», яна падпрацоўвала там жа карэктаркай, калі вучылася ў педінстытуце.
Неўзабаве маладая сям’я вымушана пераехала на Далёкі Усход, куды Быкава накіравалі ў 1949-м пасля новага прызыву ў войска. На Курылах нарадзіўся старэйшы сын Сяргей. Вярнуцца на радзіму атрымалася толькі ў 1955-м.
У 1977-м пісьменнік пакінуў сям’ю і з’ехаў у Мінск, не папярэдзіўшы жонку. Сам ён пра гэта ва ўспамінах пісаў без лішніх тлумачэнняў.
Ягоная ж сястра Валянціна расказвала журналістам пасля смерці брата, што прычынай сыходу з першай сям’і была адсутнасць згоды. Нібыта Надзея скардзілася ёй, што ў Васіля век не было грошай, а ён пры гэтым нічога не хацеў і не рабіў.
Валянціна Уладзіміраўна казала, што ўсё ў іхняй сям’і насамрэч было, не было толькі міру паміж яе братам і ягонай жонкай.
Ёсць версія і пра тое, што Надзея Кулагіна нібыта ўгаворвала Быкава прыслухацца да крытыкі партыйных функцыянераў, якія накінуліся на ягоную ваенную прозу ў 1960-х. А той нібыта не дараваў ёй гэтага.
Зрэшты, фактам застаецца тое, што Васіль Быкаў і Надзея Кулагіна пражылі разам трыццаць гадоў. Першая жонка стала фактычна сакратаром пісьменніка, ахвяравала працай і навучылася працаваць на друкарцы, каб рэдагаваць творы мужа.
Праз чатыры гады пасля разводу Надзея Кулагіна памерла ад анкалагічнага захворвання. Быкава на пахаванні не было, ён прыехаў на магілу першай жонкі праз тыдзень.
Праз год пасля пераезду ў Мінск да яго пераехала былая калега з «Гродзенскай праўды» Ірына Суворава. Яна і стала другой жонкай пісьменніка, ахвяраваўшы дзеля гэтага сваёй сям’ёй.
Вось як ён згадваў іх знаёмства ў сваіх успамінах:
— Iрына адной зь першых у рэдакцыі адзначыла мае літаратурныя спробы, выявіўшы адмысловыя веды і дасканалы літаратурны густ. Пасьля яна паслугоўвала мне таксама ў якасьці машыністкі-друкаркі і першага крытыка маіх твораў.
Я быў ёй удзячны за ўсё, і тая ўдзячнасьць пакрысе перарасла ў сталае пачуцьцё. Пачуцьцё тое набыло пэўны характар, калі я трапіў у чорную паласу літаратурна-палітычных зьдзекаў, калі гарадзенскае начальства і шмат якія з маіх калегаў-пісьменьнікаў і журналістаў пачалі праяўляць да мяне непрыязь.
Iрына стаяла на сваім, падтрымлівала і верыла ў мой шчасьлівы літаратурны лёс, хаця з кожным годам рабіць тое выпадала ўсё болей складана. Важна яшчэ і тое, што толькі двое нас у рэдакцыі былі беспартыйныя. Як астатнія пачыналі засядаць на сваіх рытуальных партсходах, мы выпраўляліся на прыроду, якую Iрына любіла зь няўрымсьлівасьцю гараджанкі.
А вось як Быкаў адгукаўся пра сваіх сыноў, калі яны ўжо былі самастойнымі і мелі ўласныя сем’і:
— Старэйшы, Сяргей, скончыў вайсковую вучэльню ў Палтаве і служыў у Лейпцыгу. Нядаўна ў яго нарадзіўся сынок, таксама Сярожка. Малодшы, Васіль, ужо працаваў доктарам у Горадні, захапляўся рыбалкай.
У мяне з сынамі былі нармальныя адносіны. Дрэнна хіба, што пры пэўных абставінах жыцьця я ня мог стварыць ім нацыянальных умоваў выхаваньня, і хлопцы вырасьлі па сутнасьці ў касмапалітычным гарадзкім асяродку. Жонкі іх таксама былі небеларускамі, — у аднаго расейка, а ў другога ўкраінка.
Цікавы сямейны факт. Сыны Быкава назвалі сваіх старэйшых сыноў сваімі імёнамі. Малодшага сына Васіль Васілевіч назваў Яўгенам.
Читайте еще
Избранное