Общество

Ірына Марозава

Стрыжак: «Дыктатура спрабуе зрабіць грамадства атамізаваным, каб кожны чалавек дбаў толькі пра сябе. Наша задача — разбіць муры паміж людзьмі»

Кіраўнік BYSOL — пра чатыры гады марафону, матывацыю працаваць далей і салідарнасць беларусаў, якая нікуды не знікла.

«Працуем далей! Абараняем сваіх». Гэтую фразу кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак дадае кожны раз, калі пацвярджае паспяховую эвакуацыю яшчэ аднаго беларуса ці сям’і з небяспекі, альбо ўдалы фініш чарговага дабрачыннага збору. І так ужо чатыры гады — роўна столькі прайшло з моманту, калі частка каманды BY_help абвясціла аб падтрымцы страйку рабочых і імкліва здзейсніла першы збор у амаль €3 мільёны.

«Салідарнасць» распытала Андрэя Стрыжака пра некаторыя вынікі, як трансфармаваўся BYSOL за гэты час і ці не стаміліся беларусы дапамагаць адно адному.

Фота: Facebook Андрэя Стрыжака. Жнівень-2024, RADA Market у Вільні

— Фонду чатыры гады — нямала, па сённяшнім часе. Ці меркавалі вы, што ўдасца і давядзецца столькі пратрымацца?

— Ведаеце, улічваючы тое, як пабудаваная зараз праца, колькі яе і якія перспектывы мы ў ёй бачым — мы разумеем, што калі складуцца правільна зоры, калі будзе жаданне ў беларускага грамадства нас падтрымліваць, то мы можам працаваць яшчэ вельмі доўга.

Бо нават у новай Беларусі будзе, чым займацца — будзе рэабілітацыя і аднаўленне ў правах людзей, якія зараз рэпрэсаваныя, будзе шмат розных рэчаў, якія трэба рабіць. Так што ў BYSOL, спадзяюся, наперадзе яшчэ доўгі і важны шлях.

— Калі проста зараз азірнуцца на тое, што ўжо зроблена — колькі беларусы заданацілі за гэты чатыры гады, колькі паспяховых кейсаў эвакуацыі было здзейснена? Магчыма, нейкія выпадкі асабліва ўразілі?

— Звычайна мы даем дакладныя лічбы напрыканцы каляндарнага года, а не нашага асабістага — але калі лічыць з 2020 года, гэта больш як €10 мільёнаў агулам. Больш падрабязную раскладку па тыпах дапамогі можна паглядзець у нашых сацсетках і на сайце.

Што тычыцца штук, якія ўражваюць — яны ўсе ўражваюць па-свойму.

Скажу так: сабраць некалькі мільёнаў за пару тыдняў 2020 годзе і сабраць, напрыклад, зараз 20-30 тысяч дзецям палітвязняў — гэта розныя аб’ёмы працы. Бо часам бывае, што сабраць вялікую суму ў момант, калі грамадства абуджанае, калі яно хоча дапамагаць, разумее і ў адным парыве нешта робіць бывае лягчэй, чым сабраць меншую суму, калі грамадства ў дэпрэсіі, неразуменні, куды далей рушыць. Таму я супастаўляў бы сумы, якія зараз збіраюцца, з тымі, што мы збіралі ў 2020-м, па нагрузцы і па складанасці.

Кожная праява салідарнасці беларусаў, дадае Андрэй Стрыжак, дагэтуль уражвае. Так, нягледзячы на ўсе цяжкасці, кожны год на BYSOL прыходзяць дапамагчы больш як 20 тысяч данатараў, фактычна, райцэнтр у Беларусі. Гэта значыць, беларусы разумеюць, што такое культура салідарнасці —задача ў тым, каб да канцэпту далучалася ўсё большая колькасць людзей.

— У BYSOL склаліся пэўныя прыгожыя традыцыі, як калядны збор для дзяцей палітвязняў, альбо дапамога на збор дзяцей у садок і школу. Але накірункаў дапамогі нашмат болей, давайце ўзгадаем самых галоўных яе суб’ектаў.

— У гэтым годзе мы робім такую працу ў складзе гуманітарнай кааліцыі Хуткая гуманітарная дапамога (гэта By_help, BYSOL, «Краіна для жыцця» і Dissident.by), мы аб’ядналіся для таго, каб больш плённа скарыстоўваць нашыя рэсурсы, высілкі і магчымасці нашых камандаў, каб рабіць больш і лепш.

Калі выдзяляць групы, з якімі абавязкова трэба працаваць — гэта палітвязні і іх сем’і, вызваленыя палітвязні як асобная катэгорыя са сваімі патрэбамі, беларускія добраахвотнікі ва Украіне і беларускія ветэраны руска-украінскай вайны, якія выйшлі з баявых дзеянняў і спрабуюць вярнуцца ў мірнае жыццё; тыя людзі, якія выязджаюць з Беларусі і таксама спрабуюць уладкаваць новае жыццё. Эвакуацыя, персанальныя зборы, падтрымка палітвязняў, беларускіх добраахвотнікаў — усе гэтыя кірункі ў пастаянным фокусе.

— Нядаўна на канферэнцыі «Новая Беларусь» быў прэзентаваны Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі рэпрэсаваным — гэта асобная новая структура і кірункі, альбо BYSOL проста ўбудаваўся  ў больш буйное аб’яднанне для вырашэння маштабных задач?

— Фактычна, мы расцэньваем гэта як дадатковы фандрайзінгавы інструмент. Таму што тыя структуры, якія ўваходзяць у гэты фонд — у першую чаргу кааліцыя Хуткай гуманітарнай дапамогі, плюс яшчэ некалькі пакуль публічна не названых арганізацый — яны застаюцца ў сваім мандаце і займаюцца рэалізацыяй праграм, якія раней існавалі.

То бок, гуманітарны фонд — не новая структура, не новая каманда, а манетарны інструмент, створаны дзякуючы намаганням і дапамозе нашых партнёраў з краін Паўночнай Еўропы (Швецыя і Нарвегія). Яны падвышаюць такім чынам наш арганізацыйны патэнцыял у межах тых праграм, якія ўжо існуюць.

Мы хочам падкрэсліць, што ў гэтым новым інструменце будзе мінімальная колькасць адміністрацыйных выдаткаў, фактычна, роўная нулю. Бо тыя арганізацыі, які ўваходзяць у фонд, маюць свае ўласныя каманды, якія ўжо працуюць.

Адзінае, што да нас далучаецца нарвежскі партнёр, які ўласна і будзе аператарам гэтых грошай — у іх ёсць адміністратыўная частка, але ж яна складае нязначны працэнт ад агульнай сумы, якой будзе апераваць гэтая арганізацыя.

— На жаль, дабрачынны фонд — гэта не толькі і не столькі пра ўдзячнасць, колькі пра хейт і абвінавачанні ў тым, што не зроблена ці зроблена не так. Як з гэтым справіцца, што дае сілы і матывацыю не апускаць рукі?

— За пэўны час працы ў гэтай сферы ты звыкаешся шмат з чым. І паступова пачынаеш больш спакойна ставіцца да многіх рэчаў. Можна злавацца на тое, што дождж ідзе ці сонца пячэ, а табе гэта не падабаецца — аднак што гэта зменіць? Усё адно надвор’е будзе такім, як яно ёсць. Прасцей адзецца больш цёпла ці лёгка, каб адзенне пасавала да тых умоў, у якіх ты знаходзішся.

Аналагічны прынцып і тут: ты проста абараняеш сваю псіхіку, шукаеш нейкі пазітыў, пакідаеш месца для асабістай прасторы, для таго, што табе самому падабаецца і прыносіць нейкую энергію. Такія дастаткова простыя рэцэпты, якія вельмі няпроста рэалізаваць. Гэта пытанне практыкі і часу: чым больш ты займаешся гэтымі справамі, чым больш навыкаў атрымліваеш за жыццё і за працу, тым больш інструментальным робішся ў гэтай сітуацыі.

Так што і набегі хейтэраў, і хвалі негатыву з часам успрымаюцца як абсалютна натуральныя. А праца фонду хоць і вельмі няпростая, але ж камусьці трэба яе рабіць — так склалася, што яе робіць наша каманда.

— Вяртаючыся да таго, з чаго мы пачыналі — вы сказалі, што BYSOL знойдзецца праца і ў новай Беларусі. Ці слушна будзе сказаць, што за гэты час беларусы не стаміліся дапамагаць адзін аднаму, што мы навучыліся гэта рабіць і салідарнасць стала часткай нашай культуры?

— Выкажу асцярожны аптымізм наконт будучыні. Я сам пачаў займацца публічным фандрайзінгам у 2014-2015 гадох, а ўвогуле ў грамадзянскім сектары — з 2000-га. І за той час, пакуль я працую ў гэтай сферы, бачу, што ў беларусаў ужо больш-менш сфармавалася разуменне: ёсць людзі, які ў гаротным стане, у бядзе, і ім трэба дапамагаць.

Гэтае разуменне ўжо збольшага ўкараняецца ў галовах, думкі беларусаў з гэтымі людзьмі, і зразумела, навошта ім дапамагаць. Наступны вельмі важны крок, які я бачу — навучыцца разумець, што могуць быць арганізацыі, якія стала займаюцца такой дапамогай. І створаныя яны не дзеля таго, каб зарабіць грошы альбо рэалізаваць свае асабістыя амбіцыі — а таму, што ў некаторых людзей ёсць патрэба дапамагаць.

Далей патрэбны прамоўшн структур, груп і ініцыятыў, якія бяруць на сябе частку ў тым ліку дзяржаўных функцый па дапамозе людзям. Культура салідарнасці павінна быць шырэйшая.

Тут магу прывесці ў прыклад Нямеччыну, краіны Паўночнай Еўропы, у якіх колькасць НДА вельмі высокая на душу насельніцтва, людзі ўвесь час аб’ядноўваюцца ў групы, якія дапамагаюць іншым. І фінансаванне такіх груп ад простых людзей — вельмі моцны падмурак для трывалага, устойлівага, справядлівага і салідарнага грамадства, якім я бачу грамадства Беларусі ў будучыні.

Гэтая ўстойлівасць — мэта на бліжэйшыя, можа быць, пяць год. Кропкі крышталізацыі, якіх нам бракавала ў 2020 годзе, павінны з’яўляцца зараз, і вакол іх будуць гуртавацца малыя супольнасці, арганізацыі, нават незарэгістраваныя, — самае галоўнае, каб людзі былі адно з адным павязаныя.

Гэта тое, чаго баіцца дыктатура. Яна заўсёды спрабуе зрабіць грамадства атамізаваным, каб кожны чалавек дбаў толькі пра сябе, пра свой дабрабыт, быў замкнёны і не імкнуўся ні з кім камунікаваць. Наша задача — разбіць гэтыя муры паміж людзьмі і зрабіць так, каб грамадства было больш аб’яднаным, больш салідарным і ўтульным для кожнага.

***

Рэдакцыя «Салідарнасці» нагадвае ўсім, хто жадае дапамагчы: падтрымаць зборы BYSOL можна тут. Калі ласка, беражыце сябе — ахвяруйце, толькі калі для вас гэта бяспечна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(11)