Васіль Быкаў — чалавек вайны, які ёю жыў, і такім заставаўся да апошніх сваіх дзён. Так ёсць з усімі тымі, хто прайшоў вайну ад пачатку і да канца. Гаворка пра тое, што больш за ўсё ў памяці пра вайну Васіля займала пытанне выбару чалавека. Чалавек выбірае ўсё жыццё — ад пачатку і да канца.
«Стыхія Васіля Быкава – бічаванне бесчалавечнасці, хамства і нізасці ў людзях. На вайне асабліва»
19 чэрвеня 2024 года народнаму пісьменніку магло б споўніцца 100 гадоў. З гэтай нагоды «Салідарнасць» прапануе прыгадаць, што пра Васіля Быкава ў свой час казалі і пісалі ягоныя родныя, сябры і паплечнікі.
Валянціна Быкава, сястра: «Жыццё патроху наладжвалася. Васіль кожны год два ці тры разы прыязджаў на бацькава селішча. Стаў ён славутым, ці не кожны дзень гаварылі аб ім на радыё, паказвала яго і тэлебачанне. Кніжкі ён свае прывозіў, дарыў нам.
Праўда, бывала, што на яго і ўсякую дарэмшчыну ўзводзілі. Канечне ж, ён перажываў, але мне ніколі не жаліўся. Проста махаў рукой і супакойваў: пройдзе, людзі ва ўсім разбяруцца».
Рыгор Барадулін, народны паэт: «Слава — гэта самае цяжкое выпрабаванне. Можна перанесці голад. Можна перанесці холад. Можна перанесці хваробы. А вось каб спакойна перанесці славу — тое ўжо рэдка каму ўдаецца.
Быкаў жа быў менавіта з тых волатаў духу, з тых крэўных беларусаў, якія да славы ставяцца абсалютна спакойна. Невыпадкова ж часта казаў: самае страшнае — гэта страціць невядомасць. Бо любіў быць сам-насам з сабой, думаць, працаваць.
А большасць са скуры вылузваецца дзеля вядомасці… Яго ж насуперак жаданню літаральна разрывалі на часткі. Ён, так бы мовіць, быў распяты на крыжы славы. Аднак ён гэта вытрымаў так, быццам нічога падобнага й не было. Крыж славы — гэта тое ж самае, што й крыж пакут».
Нешта для нас усіх сышлося ў гэтай асобе, хоць здавалася, што мы маем справу з народам і часам, калі няма ніякіх апосталаў, праведнікаў, прапаведнікаў. Не, як высвятляецца, ёсць. У нас быў гэты чалавек.
Зянон Пазняк, палітык, дэпутат Незалежнасці: «Васіль Быкаў ёсьць у поўным сэнсе нацыянальны пісьменнік. Гэта значыць, што ён адлюстроўваў у вобразах нацыянальны тып характару і духа беларуса.
І ў лёсе гэтых яго нацыянальных вобразаў адбіўся лёс народа.
Быкаў — быў. Ён панаваў на гэтай вышыні. Для мяне важна, што ён падняў беларуса над усім светам, і паказаў яго такім, які ён ёсць. І ў велічы, і ў слабіне».
Яго стыхія — гэта бічаванне бесчалавечнасці, хамства і нізасці ў людзях. На вайне асабліва. Быкаў лечыць гэтыя балячкі на целе грамадства. Ён ускрывае іх дасканала. Так, не баліць толькі мёртвым! Быкаў «праполвае» грамадства, і гэта вялікая справа. Ён — глыбокі аналітык, амаль геніяльны, як само жыццё.
Аляксей Карпюк, пісьменнік — да 50-годдзя Васіля Быкава: «Дарагі Васіль! Вялікая моц таіцца ў растворы, які сцэментаваў цагліны гэтага будынка. Але ж якімі, скажы, якімі масштабамі змерыць тую магутную сілу Тваіх твораў, што паланілі мільёны душ розных узростаў і нацыянальнасцяў, прымушаюць біцца ў рытме Твайго шчодрага сэрца, лунаць сярод Тваіх вобразаў ды жыць сярод Тваіх герояў?
Вось таму мы Цябе любім, шануем, паважаем і табою гаранрымся».
Алесь Адамовіч, пісьменнік: «Літаратура гэтага тыпу звычайна ўзбуйняе чалавечыя перажыванні, добрыя і благія якасці людзей: самі крызісныя акалічнасці раскрываюць, выяўляюць усё ў чалавеку падкрэслена, моцна.
Гэтая літаратура «па-дастаеўску» праецыруе чалавечыя пачуцці, думкі, учынкі на самую «прыроду чалавека» і як бы на яго будучыню. Яна абавязкова з футуралагічнай афарбоўкай: літаратура-папярэджанне, літаратура-сігнал».
Уладзімір Някляеў, паэт: «У спадчыне Васіля Быкава няма, бадай, нічога, што сёння не было б важным для нас, але найбольш важнае ў ёй — сам Васіль Быкаў. Важная ня толькі мастацкая моц ягоных твораў, але і ягоная асабістая, чалавечая вартасьць.
Важная быкаўская беларускасць, якая складаецца з мужнасці, прынцыповасці, непахіснасці, што ўсё разам складае характар, які ні ў чым не супадае з тым вобразам рахманага «бульбяша», якім малюе беларуса сённяшняя антыбеларуская ўлада, бо менавіта гэтакі беларус патрэбны ёй: на рахманых ваду возяць».
Як творца вялікага патэнцыялу Васіль Быкаў усё жыццё працаваў на свой талент і гэтым прыносіў славу Беларусі. Ён абраў прафесію пісьменніка, адсюль і выдаткі ў яго асабістым жыцці. Ён пакінуў жонку і сыноў, таму што яны ў яго жыцці не былі галоўнымі…»
Читайте еще
Избранное