Общество

Сястра Рыжанкова жыве ў Францыі, але атрымала грамадзянства Расіі

Сястра кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова Дар'я Рыжанкова шмат гадоў жыве ў Ніццы, што не перашкаджае ёй падтрымліваць «русский мир». Выглядае, што апошнім часам яна зацікавілася дзяржкіраваннем у СНД. Можа, у Беларусі з'явіцца новая чыноўніца? Белсат расказвае, што вядома пра Дар'ю.

Дар'я Рыжанкова пераехала ў Францыю яшчэ ў 2009 годзе. З ейнага ўласнага аповеду вынікае, што ў Беларусі яна пакінула паспяховую кар'еру маркетолага і пераехала ў Францыю за будучым мужам.

У 2015 годзе яна паступіла ва Універсітэт Блакітнага Берага (Université Côte d'azur) у Ніццы. Там яна атрымала дыплом бакалаўра ў спецыяльнасці «Навукі пра жыццё і здароўе», а затым дыплом магістра ў спецыяльнасці «Біябанкі і кіраванне базамі звестак».

Падчас вучобы Дар'я магла сабе дазволіць не працаваць – яе падтрымліваў муж. А ў магістратуры ёй паступіла прапанова працаваць у біябанку лабараторыі паталогіяў у Ніццы. Цяпер яна працягвае супрацоўнічаць з лабараторыяй у якасці незалежнага кансультанта, дзеліцца Дар'я.

Аднак з Беларуссю і братам сувязі Дар'я не губляла. У снежні 2022 года яна была ў Менску разам з Максімам Рыжанковым на спаборніцтвах па баскетболе памяці іх бацькі – некалі міністра спорту і турызму, першага кіраўніка НАК Беларусі Уладзіміра Мікалаевіча Рыжанкова.

Дар’я Рыжанкова на спартовых спаборніцтвах у гонар ейнага бацькі Уладзіміра Рыжанкова ў Менску. Фота: belarus.basketball

Пачала заўважаць некарэктнае стаўленне да «русского мира»

Прыкладна ў гэты ж час у кар'еры Дар'і адбыўся новы пераломны момант. Выглядае, што ейнаю новаю мэтаю зрабілася дзяржкіраванне. У 2022–2023 гадах яна сталася ўдзельніцаю і пераможцаю конкурсу «Лідары Расеі» ад платформы Уладзіміра Пуціна «Расея – краіна магчымасцяў».

«Абсалютна відавочна, што будучае прафесійнае жыццё я звязваю менавіта з Расеяй», – распавяла Дар'я.

Дзякуючы конкурсу яна прайшла навучанне ў Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнту Расеі паводле праграмы «Майстар дзяржаўнага ўпраўлення для кіраўнікоў» для краінаў СНД і цяпер, падобна, сканцэнтраваная на Расеі.

«Калі ты доўга перабываеш за мяжою, то розніцу паміж нашымі краінамі – Расеяй і Беларуссю – ужо не адчуваеш, гэта для цябе нашая агульная прастора, "русский мир".

Яшчэ задоўга да падзей 2014 года я пачала заўважаць, скажам так, некарэктнае да яго стаўленне. Гэта маглі быць абразлівыя карыкатуры, звязаныя з нацыянальнымі сімваламі, або нечаканыя трактаванні гісторыі Другой сусветнай вайны ў прыватных гутарках», – кажа Дар'я.

Дар'я настолькі захопленая Расеяй, што пастанавіла атрымаць расейскае грамадзянства. Адпаведны ўказ 18 лістапада 2022 года падпісаў Уладзімір Пуцін для чатырох пераможцаў конкурсу «Лідары Расеі», у тым ліку для Дар'і Рыжанковай.

Дар’я Рыжанкова з удзельніцамі праектаў платформы «Расея – краіна магчымасцяў». Крыніца: rsv.ru

Таксама ейны праект «Экспат-навігатар» у межах навучання на платформе «Расея — краіна магчымасцяў» накіраваны на інтэграцыю замежнікаў у расейскае грамадства.

«Гэта інструмент, што дазволіць дапамагчы адаптацыі замежных грамадзянаў, якія працуюць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, а галоўнае, іхных сямейнікаў. <...> Місія праекту – не толькі стварыць камфортныя ўмовы, але і зрабіць так, каб чалавек вярнуўся на радзіму з станоўчымі пачуццямі і ўражаннямі пра краіну», – распавяла Дар'я.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(9)