Міністэрства інфармацыі ўключыла ў свой спіс яшчэ некалькі інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных судамі экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй у перыяд з 9 па 11 красавіка.
Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны акаўнт у TikТок з назвай «Беларусь» з ідэнтыфікатарам nexta_live. Адпаведнае рашэнне 9 красавіка прыняў суд Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
Суд Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці 10 красавіка прызнаў «экстрэмісцкай» групу NEXTA з ідэнтыфікатарам vk.com/1tv_news_russian у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
9 красавіка суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт акаўнта ў TikTok пад назвай baj.media з ідэнтыфікатарам tiktok.com/@baj.media.
У той самы дзень суд Ленінскага раёна Магілёва пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» і змест акаўнта ў TikTok пад назвай «Prasviet ПраСвет» з ідэнтыфікатарам tiktok.com/@prasviet.
10 красавіка суд Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці вырашыў прызнаць экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй матэрыялы відэаканала журналіста і блогера Аляксандра Івуліна пад назвай «ЧестнОК-Live» (ідэнтыфікатар youtube.com/@chestnok_live) на YouTube.
Гэтаксама 10 красавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкім відэаролік, размешчаны на відэахостынгу YouTube, пад назвай «Обращение работников отрасли связи» (ідэнтыфікатар youtube.com/watch?v=H8KvFY5-Zlo).
11 красавіка той самы суд асобна прызнаў «экстрэмісцкім» гэты відэаролік, згадаўшы шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, дзе ён быў размешчаны: на сайце «Автопортал Беларуси — ADT.BY» (adt.by); на старонцы «Авторулевой» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» (vk.com/adtby ); на старонцы «Авторулевой» (Autoportal Adt) у Facebook (facebook.com/groups/204659132927635).