«Тысячы ружаў, гваздзікоў, васількоў». Як беларусы развітваліся з Васілём Быкавым
100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Васіля Быкава пахавалі 25 чэрвеня 2003 года на Усходніх могілках. Улады спрабавалі навязаць свой сцэнар развітання, але гэта быў той выпадак, калі народ узяў справу ў свае рукі, пасунуўшы чыноўнікаў у бок. А Лукашэнка і сам уцёк са сталіцы.
Вось як пра гэта пісала «Наша Ніва»:
— Тысячы людзей прайшлі з Народным пісьменнікам Беларусі ягоны апошні шлях ад Дома літаратара да Усходніх могілак. Ён лёг у зямлю недалёка ад Караткевіча і Мулявіна. Букеты васількоў укрывалі цела пісьменніка ў труне.
Аляксандр Лукашэнка ад’ехаў са сталіцы на час пахавання. Дзяржаўныя чыноўнікі на чале з міністрам [культуры] Гулякам спрабавалі «афіцыялізаваць» развітальную цырымонію, але пасля таго, як сын пісьіменніка ўкрыў труну бел-чырвона-белым сцягам, пакінулі залу.
А супрацоўнікі спецслужбаў знялі аблогу з Дома літаратара, узятага імі пад кантроль ад ранку. Стала зразумела, што развітанне будзе не афіцыйным, а народным.
Людская плынь заліла вулку каля парка, сквер на плошчы Перамогі. Тысячы ружаў, гваздзікоў, васількоў, сотні вянкоў ляглі на сцэне вялікай залы Дома літаратара.
Труну з целам Быкава неслі на руках да плошчы Якуба Коласа, а да Усходніх могілак тысячы людзей ішлі пешшу пад бел-чырвона-белымі сцягамі з чорнымі жалобнымі стужкамі.
Читайте еще
Избранное