Филин

Юлія Кот

«У цывілізаванай краіне больш клапоцяцца пра лёс марскіх коцікаў, чым беларускія чыноўнікі пра пажылых людзей»

Намеснік прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы Станіслаў Салавей — пра ліцэнзаванне і закрыццё прыватных пансіянатаў для састарэлых у Беларусі.

У Беларусі з 1 кастрычніка бягучага года стане менш пансіянатаў для састарэлых —прынамсі, прыватных. Працаваць, згодна з папраўкамі ў закон аб сацабслугоўванні,  змогуць толькі тыя недзяржаўныя ўстановы, якія атрымалі ліцэнзію ад мясцовых уладаў.

Але з 2022 года пасля праверак, распавяла намесніца міністра працы і сацабароны Марына Арцёменка, 11 з 35 прыватных устаноў ужо зачыніліся — самастойна або па рашэнні суда, бо ў іх «былі выяўленыя шматлікія парушэнні». А паводле звестак Нашай Нівы, ліцэнзіі на канец верасня не атрымаў яшчэ ніводны прыватны пансіянат.

І гэта значыць, што агульная колькасць пансіянатаў (а з 1 ліпеня «сацыяльнымі пансіянатамі» сталі і дзяржаўныя дамы-інтэрнаты, якіх у краіне 91 — Ф.) зменшыцца на трэць, а чэргі ў дзяржустановы павялічацца. Хто, уласна, выйграе ад такога рашэння і чым яно прадыктаванае, Филин абмеркаваў з лекарам, намеснікам прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Станіславам Салаўём.

На думку лекара, клопат пра пажылых беларусаў у спісе імаверных прычын стаіць на апошнім месцы — калі фігуруе наогул.

— У нас на сёння амаль пятая частка насельніцтва (без малога 1,6 мільёна чалавек — Ф.) — гэта пажылыя людзі, — зазначае Станіслаў Салавей.

І хоць зразумела, дадае ён, што ў сацыяльным і медыцынскім даглядзе маюць патрэбу не ўсе з іх, але ўсё адно пытанне пансіянатаў для пажылых закранае вельмі значную частку беларусаў.

— Тое, што робіць зараз дзяржава — гэта крывадушніцтва на 100%. Гэта аналагічна таму, што зараз выйдзе той, хто называе сябе «міністрам Данецкай вобласці Расіі» і скажа, што ўдалося вырашыць праблемы, з якімі не спраўлялася ўкраінская ўлада — а менавіта з парковачнымі месцамі ў спальных раёнах Бахмута.

Па сутнасці, тое самае робіць і беларуская дзяржава. Чыноўнікі і прапагандысты кажуць, што КДК пачаў правяраць прыватныя пансіянаты з-за пастаянных скаргаў сваякоў. Але тады ў мяне пытанне: калі мы кажам пра прыватны дом састарэлых, там жа не ўтрымліваюць нікога прымусова, і калі ёсць «шматлікія парушэнні», прэтэнзіі — можна забраць сваіх састарэлых родных, перавесці ў дзяржаўную ўстанову? Атрымліваецца, альбо ў дзяржаўных установах горш, альбо там няма месцаў.

Насамрэч, мы добра разумеем: прыватныя пансіянаты муляюць вока не таму, што нехта скардзіўся на цяжкія парушэнні. Іх зачыняюць таму, што не павінна быць нічога прыватнага. Трэба, каб усе былі ў роўных умовах. Альбо яшчэ адно тлумачэнне — just business. Дамы-інтэрнаты — вельмі выгадны рынак, таму дзяржава за яго ўзялася.

Бо з’ехала многа моладзі, састарэлыя людзі засталіся, і ўмоўны айцішнік, які не можа вярнуцца, лепш плаціў бы за догляд сваіх пажылых сваякоў — але робіцца ўсё, каб грошы ішлі толькі ў дзяржаўную кішэню.

У любым разе, пра дзяржаўны клопат, апекаванне станам сваіх грамадзян гаворка не ідзе.

Калі паглыбіцца ў тэму, расказвае Станіслаў Салавей, высветліцца, што ў малых населеных пунктах старыя людзі перыядычна кладуцца ў шпіталі на зімовы час — таму што ў іх звычайнае пячное ацяпленне, цяжка за ім сачыць, і турбуюцца, каб перажыць зіму.

Лекары пра гэта ведаюць, але ложкавы фонд дазваляе, план па шпіталізацыях трэба выконваць, а магчымасцяў сацслужбаў не стае — і людзей кладуць у лякарні.

— Апроч таго, у медыкаў ёсць такі тэрмін, «невыпісваемы пацыент»: пра чалавека, які ўжо даўно хварэе, і ў шпіталі яму нічога прапанаваць не могуць, бо яму патрэбны проста дагляд — але і выпісаць не могуць, бо родныя кажуць, «дома з ім не спраўляемся, не можам якасна даглядаць». Такім чынам, раённыя лякарні часам ператвараюцца ў сацыяльныя ўстановы.

— Мяркую, нельга агулам дэманізаваць дзяржаўныя інтэрнаты і казаць, што ўсе прыватныя пансіянаты добрыя — парушэнні могуць быць і там, і там. Але калі зачыніць адразу траціну такіх устаноў — гэта пазбавіць сваякоў альтэрнатывы, а некаторых састарэлых людзей — наогул магчымасці трапіць у «сацыяльны пансіянат», бо месцаў мала, а працэс збору дакументаў доўгі…

— Я перакананы,  што парушэнні ў прыватных пансіянатах насамрэч знайшлі. Але вось прыгадваю перыяд «царствавання» Піневіча ў Мінздароўя, калі па краіне каталася пракурорская праверка і знаходзіла сотні парушэнняў — і чамусьці ўсе гэтыя дзяржаўныя лякарні працуюць, а прыватныя за такія ж «касякі» зачынілі б. А потым міністр змяніўся, і на парушэнні чароўным чынам забыліся.

Дзяржаўныя інтэрнаты не трэба дэманізаваць, там працуюць не мярзотнікі, садысты і забойцы. Але проста паглядзіце на іх заробкі. Не паленаваўся, зірнуў вакансіі: да 1000 рублёў. За цяжкую, няўдзячную працу.

Наогул, многія людзі ў гэтай сістэме, калі яны не вельмі ідэйныя і апантаныя жаданнем дапамагаць людзям, працуюць там ад безнадзейнасці: больш няма дзе, а тут хоць нешта атрымае. І якую якасць працы ў такіх умовах вы чакаеце?

— Пры тым чамусьці вынікі праверак дзяржаўных дамоў-інтэрнатаў выяўляюць «асобныя парушэнні», а грамадскага кантролю за імі няма, і як насамрэч ідуць справы ў такіх установах, мы таксама не ведаем — гэта месцы клопату і догляду, ці фактычна турмы?

— А куды чалавек пойдзе, калі яго адтуль выселяць? Не выключаю, што паскардзіцца немагчыма, як у нашых ЦІП скласці апеляцыю, бо не выдаюць паперу і асадкі, забіраюць сродкі камунікацыі. Але ўсё ж гэта не турмы, адпусцяць — але за агароджай нічога няма, і ты застанешся сам-насам з дзяржавай.

Насамрэч праблема сацыяльнай сферы, як і нашай медыцыны, ў тым, што ўпраўленцаў няма, а ёсць толькі кантралёры: прыйшоў, убачыў парушэнні, раздаў «люлей»… І нічога не змянілася, бо патрэбныя змены на сістэмным узроўні.

Як вы хочаце вырашыць пытанне, калі ў дырэктара дома-інтэрната не хапае грошай для найму кваліфікаванага персаналу? А чыноўнікаў гэта не хвалюе — яны не арганізатары, яны «правяраючыя інстанцыі». І таму за сістэмныя «касякі» яны не адказваюць, як шараговыя супрацоўнікі. Пашумець, адсправаздачыцца, што выявілі недахопы — так, нешта вырашыць — не.

Беларусь імітуе сацыяльную дзяржаву, задача чыноўнікаў розных узроўняў — стварыць карцінку. Прыватныя дамы састарэлых у яе не ўпісваюцца: нехта можа сабе дазволіць, а нехта не, там лепей, а тут не вельмі — навошта такое, зробім, каб усе жылі  прыкладна аднолькава. Як у тым анекдоце: «Прыйшла савецкая ўлада, зараз зробяць так, каб не было багатых. — Прабачце, можа, бедных? — Не, багатых». Вось і ў нас тое самае: ўсіх «ураўнаць».

Аднак выйсце з гэтай сітуацыі, мяркуе Станіслаў Салавей, ёсць, і яно простае. Па-першае, не зачыняць прыватныя ўстановы — «калі ў іх няма прынцыпова жорсткіх парушэнняў, гэта вырашаецца штрафамі і іншымі метадамі», а канкурэнцыя заўжды лепш, чым устаноўка «ясі, што даюць». Калі ёсць запыт, будзе і прапанова — а там час і рынак расставіць усё па месах.

Другі момант, на які звяртае ўвагу лекар — перабольшаны ложкавы фонд у дзяржаўных шпіталях:

— Дык зрабіце вы на іх базе пансіянаты! Зараз ідзе праца па стварэнні міжраённых цэнтраў: зразумела, што ў двух блізкіх гарадах няма сэнсу трымаць аднолькава моцныя шпіталі, дзе прастойвае апаратура і, напрыклад, хірург робіць адну аперацыю на тыдзень — ён проста губляе кваліфікацыю.

Так у вольных шпіталях, на якія ўжо ёсць стабільнае фінансаванне, пакіньце аднаго сямейнага доктара, пару медычных сясцёр, пакіньце санітарак — і вось гатовы дом-інтэрнат.

І лекарам ад гэтага будзе лягчэй, бо яны не займаюцца сацыялкай не таму, што ўсе мы — цынічныя г**нюкі, якім трэба выштурхаць хутчэй старога чалавека. Мы разумеем і небяспеку унутрышпітальных інфекцый, і тое, што калі займаешся адначасова сацыялкай і медыцынай, будзе зніжацца якасць таго і другога.

А пакуль мы бачым, што дзяржава сама не робіць нічога, але і не дазваляе іншым, і залазіць яшчэ і ў гэтую кішэню да пажылых людзей, пазбаўляючы іх выбару. Як спявала Маргарыта Ляўчук, «жэстачайшэ ўсім хадзіць у дзяржаўны дзецкі садзік, школу і турму» — можна дадаць сюды радок і пра пансіянат.

Калі ён быў бы даступны і якасны дзяржаўны — гэта проста знішчыць амаль усе прыватныя ініцыятывы, бо навошта плаціць больш там, дзе можаш атрымаць тую ж якасць за меншыя грошы. Я не супраць дзяржаўных устаноў, я за іх — але каб яны былі якаснымі, каб пра іх не казалі, «мы здалі свайго старога ў дом састарэлых». Не на роўным месцы такое стаўленне склалася, бо туды адпраўляюць ад вачэй падалей. І гэта жудасна.

У ідэале, разважае наш суразмоўца, гэта павінна працаваць, «як у нармальных краінах»: стары чалавек, якому самотна, або цяжка сябе абслугоўваць, выбірае, якому пансіянату хоча плаціць з пенсіі за сваё ўтрыманне, дзе ў яго будзе добрая кампанія і заняткі для душы.

— Але гэта не ўкладваецца ў парадыгму беларускай дзяржавы, дзе добры грамадзянін — той, хто працуе ўсё жыццё, і памірае ў дзень выхаду на пенсію, пажадана хутка, каб дзяржава і тут на яго не трацілася.

Інтарэсы пенсіянераў, пажылых людзей вельмі добра «абараняць», аднак рэальна чыноўнікам яны цікавыя прыкладна так, як мне надвор’е ў Кеніі.

У цывілізаванай краіне чыноўнікі больш клапоцяцца пра лёс марскіх коцікаў, чым беларускія чыноўнікі пра пажылых людзей. Бо галоўнае — добрая карцінка, і каб было ціха, каб ніхто нікуды нічога.

І на падвышэнне пенсійнага ўзросту каб не скардзіліся — вунь паглядзіце, як адзін пенсіянер нястомна працуе на карысць дзяржавы, усім трэба гэтак жа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)