«Усе мае фільмы атрымаліся саплівыя, глядзець няма чаго». 7 фактаў пра экранізацыі твораў Васіля Быкава
100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Самы экранізаваны беларускі пісьменнік — на творы Васіля Быкава было знята 25 фільмаў. «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Знак бяды», «Бліндаж» ды іншыя аповесці і апавяданні былі ўвасобленыя на экранах. Гэта былі мастацкія і тэлевізійныя фільмы, кароткаметражныя стужкі і міні-серыялы.
Толькі два фільмы былі знятыя па-беларуску — гэта прысвячэнне Слуцкаму збройнаму чыну «На чорных лядах» (1995) і «Народныя мсціўцы» (2019), зняты на грошы, забраныя дзякуючы краўдфандынгу.
Быкаў не любіў ні экранізацыі, ні працэс здымак — пра гэта сведчаць ягоныя лісты сябрам.
«Усе мае фільмы атрымаліся саплівыя, глядзець няма чаго» (з перапіскі з крытыкам Лазарам Лазаравым).
«Я даў сабе слова завязаць з кіно, у мяне больш няма сілаў, а галоўнае — няма нерваў, усе павыцягвалі па пучку, па валаконцу. І — дарэмна. Столькі напісана і знята, і хоць бы адна ўдача» (ліст да кінарэжысёра Леаніда Мартынюка).
«Мне асабіста хочацца, каб ты пісаў больш (у гэтай сувязі я не магу ўхваліць твае сувязі-валакіты з кіно, якое ў наш час не мае нічога агульнага з мастацтвам, хіба што дае магчымасць зарабіць)» (у лісце да Алеся Адамовіча).
Пры гэтым пісьменнік напісаў сцэнары ці не да паловы фідьмаў, знятых паводле ягоных твораў.
Якія фільмы Быкаву спадабаліся — «Узыходжанне» рэжысёркі Ларысы Шапіцькі, знятае паводле «Сотнікава», пісьменнік называў «найлепшай за ўвесь дзясятак экранізацыяў маіх аповесцяў».
Пазітыўна ацаніў ён і экранізацыю «На чорных лядах»: «зроблена ў духу маёй прозы».
У кіно цэнзура была была больш жорсткая, чым цэнзура літаратурная. Пра гэта расказваў біёграф пісьменніка Сяргей Шапран у адным з інтэрв’ю. Класічны прыклад — фільм «Трэцяя ракета», самая першая экранізацыя быкаўскай аповесці.
Ішоў 1963 год, Быкава яшчэ не цкавалі ў партыйнай прэсе за праўдзівае апісанне вайны. І ўсё тое, у чым яго пачалі вінаваць неўзабаве, яму давялося пачуць ад тых, хто вычытваў і зацвярджаў сцэнар.
Заступаліся Машэраў і Гарбачоў, дзякуючы якім на экраны трапілі два фільмы паводле аповесцяў Быкава. Першы паспрыяў, калі пад пытаннем трапляння на экраны апынулася «Узыходжанне». Фільм «Знак бяды» вазілі на прагляд у Маскву Міхаілу Гарбачову, пасля чаго стужка трапіла ў кінатэатры.
А вось зняты ўжо ў незалежнай Беларусі ў 1995-м фільм «На чорных лядах» так і не трапіў у пракат. Пасля лічаных паказаў па тэлебачанні, ён апынуўся на архіўных паліцах.
Фільмы паводле твораў Быкава ўзнагароджвалі і ў СССР і на замежных кінафестывалях. Напрыклад, «Альпійская балада» атрымала прыз за лепшы фільм на Міжнародным кінафестывалі ў Дэлі ў 1968-м, а «Узыходжанне» заваявала ў 1977-м «Залатога мядзведзя» на Берлінскім кінафестывалі, а таксама прыз Міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў FIPRESCI.
У 2003-м «Альпійская балада» ўдзельнічала ў рэтраспектыўным паказе на кінафоруме Канскага кінафестываля.
У 2019-м BBC Culture уключыла фільм Ларысы Шапіцькі ў Топ-100 стужак, знатых жанчынамі. «Узыходжанне» займае ў гэтым спісе 11-е месца.
Читайте еще
Избранное