З першага пагляду горад мне спадабаўся, не такі ўжо і пабураны (хоць у цэнтры і трапляліся руіны некаторых будынкаў), але ў ім адчувалася пэўная «заходнасць», рысы сярэднявечча — у старых будынках, касцёлах, нават у брукоўцы вуліц. Зноў жа — два замкі і Нёман. Дужа гэта міла здалося майму сэрцу, знябытаму на чужыне.
«Вельмі шкада было пакідаць Горадню, якая стала для мяне роднай». За што Васіль Быкаў палюбіў горад над Нёманам
100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца.
Пра гарадзенскі перыяд жыцця Васіля Быкава напісана шмат. «Салідарнасць» прыгадае галоўныя моманты, за якія народны пісьменнік быў удзячны гэтаму гораду.
У Горадню будучы пісьменнік прыехаў пасля службы ў войску ў 1947-м, каб паспрабаваць давучыцца на мастака. Праз год ён трапіў у рэдакцыю «Гродзенскай праўды», што стала для яго ў многіх сэнсах падарункам лёсу.
Тут ён пачаў пісаць і ўрэшце атрымаў заслужаную славу. У рэдакцыі пазнаёміўся з Надзеяй Кулагінай — першай сваёй жонкай. І тут жа знайшоў другую сваю спадарожніцу жыцця — Ірыну Сувораву.
У Горадні нарадзіўся другі сын Быкава Васіль, тут ягоныя дзеці выраслі і адсюль пайшлі ў дарослае жыццё. Сюды, да малодшага сына, ён ездзіў да самага ад’езду за мяжу, бываў у яго у часе кароткіх пабывак на радзіме.
Гэты горад падарыў Васілю Быкаву шмат сяброў і добрых знаёмых. Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, Аляксей Пяткевіч, Валянцін Блакіт, Барыс Клейн, Валянцін Чэкін і многія, многія іншыя.
Тут ён пачаў пісаць, у гарадзенскі перыяд была надрукаваная большасць ягоных аповесцяў. «Жураўліны крык» і «Трэцяя ракета», «Сотнікаў» і «Круглянскі мост», «Абеліск» і «Дажыць да світання»…
У Горадні ён, заядлы аматар тэхнікі, набыў свой першы легкавік, а таксама маторку, на якой ганяў па Нёмане, прывучыўшы малошага сына да рыбалкі.
Тут яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР, у гарадзенскім Палацы тэкстыльшчыкаў Быкава віншавалі з 50-годдзем.
Зрэшты, менавіта тут за ім пачалі сачыць камітэтчыкі. У Горадні дзеля гэтага спрабавалі вербаваць ягоных сяброў. Тут у ягонай кватэры невядомыя білі вокны і тэрарызавалі пісьменніка тэлефанаваннямі. Тут яго аднойчы пабілі на начной вуліцы разам з сябрам Клейнам.
І ўсё ж, пакідаючы Горадню ў 1977-м, пісьменнік шкадаваў аб гэтым.
Вельмі шкада было пакідаць Горадню, якая стала для мяне роднай, але мусіў перабрацца ў Менск.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное