Вольскі: І пачуваесься ў «дні сурка», калі чарговы палітык гаворыць: «Народ свой выбар зьдзелаў!»

Лявон Вольскі на Budzma.org піша пра выбары ў Славаччыне і Аўстрыі ды праводзіць сумныя паралелі з мінулым і беларуска-расейскай рэчаіснасьцю.

Лявон Вольскі

Я зараз у акустычным туры. Ежджу па Эўропе, граю канцэрты. Тур пачаўся з Аўстрыі, з канцэрту ў Вене. Акурат празь дзень у гэтай краіне мусілі адбыцца парляманцкія выбары. Я адыграў канцэрт, і на наступны дзень мы выехалі ў Братыславу, каб зайграць там.

Апошнім разам у Братыславе я выступаў у 2006-м. Тады нас з гуртом запрасілі паўдзельнічаць у сьвяце вызваленьня Славаччыны ад фашыстаў. Цяпер, праз 18 гадоў, мы хадзілі па ўтульных братыслаўскіх вуліцах, і я прыгадваў: «Вось каля гэтага манумэнту мы тады гралі! Вось у гэтай кавярні мы тады абедалі! Вось у гэтай крамцы мы куплялі сувэніры!».

Братыслава зьмянілася. Цяпер тут утульней, чысьцей, шмат чаго адрэстаўравалі, зьявілася шмат новых модных кавярняў ды рэстарацыяў. Безьліч замежных турыстаў з усяго сьвету... І пасярод усяго гэтага позірк спыняецца на традыцыйнай афішнай тумбе, абклеенай плякатамі «Культурны страйк!». І пазначаныя дата і час, калі кожны неабыякавы грамадзянін можа выйсьці і выказаць свой пратэст супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва.

Славаччына: пратэставаць (пакуль яшчэ) не забараняюць

Так, Славаччына выбрала прэм’ера, які супраць дапамогі Ўкраіне, за сяброўства зь цяперашнім урадам Беларусі. Новаабраная ўлада абяцае насельніцтву бязьбеднае жыцьцё і ўсялякія выгоды. Заўтра. Вось толькі дайце разгарнуцца і кардынальна зьмяніць памылковую праэўрапейскую палітыку мінулага ўраду. І будзе вам шчасьце!

Пратэставаць (пакуль яшчэ) не забараняюць. Паліцыя ахоўвае дэманстрантаў. У Беларусі (памятаеце?) таксама так усё пачыналася. Ідзі, пратэстуй, табе за гэта нічога ня будзе. Потым абавязалі падаваць заяўку на правядзеньне акцыі.

Потым дазволілі ўсе пратэсныя акцыі толькі ў адным мейсцы — на Бангалёры, дзе мяйсцовыя жыхары масава выгульвалі сабакаў і — хто з ухвалай, хто з асуджэньнем — глядзелі на нешматлікіх пратэстоўцаў з транспарантамі, плякатамі і неразборлівымі заклікамі ў маламоцны «мацюгальнік».

У Братыславе пакуль да гэтага не дайшло. Можа, і ня дойдзе — усё ж такі гэтая краіна — чалец Эўразьвязу. Але — хто яго ведае? — у наш час усё магчыма, лепей ні ад чаго не заракацца.

Аўстрыя: «народ свой выбар зьдзелаў»

Вось мы вярнуліся ў Вену акурат у дзень іхных выбараў. І позна ўвечары прыйшла інфармацыя — перамагла ультраправая папулісцкая партыя. Гэтая партыя пралічыла настроі электарату і пайшла на выбары са звыклым джэнтльмэнскім наборам лёзунгаў: забясьпечыць карэннаму насельніцтву годнае жыцьцё, спыніць міграцыю, навесьці парадак і выкрасьліць увесь гэты дэмакратызм-лібэралізм!

Маўляў, лібэралы гавораць пра правы чалавека, але чаму гэта распаўсюджваецца адно на мігрантаў, а сапраўдныя аўстрыйцы мусяць цярпець і пакутаваць перад гэтай усёй азыяцка-афрыканскай навалай?! І годзе падтрымліваць Украіну ў вайне!

Мы губляем велізарныя грошы. І трэба аднавіць супрацу з Расеяй і Беларусьсю, бо бяз гэтага мы (не, ня мы, а ВЫ, сапраўдныя аўстрыйцы!) таксама губляеце велізарныя грошы!

Гледзячы па ўсім, сапраўдным аўстрыйцам гэтая праграма спадабалася, і большасьць прагаласавала «за».

Як казалі калісьці ў Беларусі, «народ свой выбар зьдзелаў».

А побач — Вугоршчына, дзе таксама выбар народу відавочны.

Відавочныя паралелі

Усё гэта так падобна — амаль сто гадоў таму адна партыя таксама скарыстала народныя настроі і на гэтай хвалі перамагла на выбарах. Таксама знайшла ўнутраных ворагаў, якія вінаватыя ва ўсіх бедах.

Таксама абяцала заможнасьць, парадак і вяртаньне нацыянальнае велічы. І некаторы час, здавалася б, пасьпяхова рэалізоўвала гэтую сваю прывабную для электарату праграму. Вынік — вайна, мільённыя ахвяры, гарады ў руінах, страта велізарных тэрыторыяў...

А трыццаць гадоў таму адзін палітык спрытна сыграў на настроях грамадзтва і прапанаваў вяртаньне былой велічы і былой утульнай і моцнай краіны, хаця б у межах Беларусі. Электарат паверыў у гэтую казку і прагаласаваў.

Вынік — паліцэйская дзяржава, масавыя рэпрэсіі, ад’езд вялікае колькасьці насельніцтва, саўдзел у бессэнсоўнай вайне (за які потым давядзецца плаціць).

Хтосьці скажа: ёсьць і станоўчыя моманты — чысьціня, лічбавізацыя, добрыя дарогі. Ёсьць. Але ці ведае гэты «хтосьці», колькі грантаў атрымала афіцыйная Беларусь за ўсе гэтыя гады (да 2020-га) ад Эўрапейскага зьвязу? Вось на ўсё гэта — памежную інфраструктуру, упарадкаваньне гарадоў, дарогі, рэстаўрацыйныя працы? Ды ўжо значна болей за ўсе магчымыя недзяржаўныя аб’яднаньні!

А яшчэ адзін палітык пачаў сваю нацыю «падымаць з кален», «вяртаць былую веліч», пагражаць усяму сьвету (на радасьць электарату), вяртаць «спрадвечна нашыя землі»...

Вынік — бязьлітасная і бессэнсоўная вайна, безьліч ахвяраў, пэрспэктыва распаду фэдэрацыі на асобныя незалежныя краіны, страшнае, незваротнае падзеньне рэйтынгу расейскае мовы і культуры...

«Дзень сурка»

Некаторыя высокаадукаваныя людзі казалі: «У 1994-м беларускаму народу нельга было галасаваць. Ён быў да гэтага не гатовы, цёмны, невыкшталцоны. Таму й адпаведныя вынікі».

Але цяжка сказаць, што славацкі, аўстрыйскі, вугорскі народ такія ўжо цёмныя і невыкшталцоныя. Тут нешта іншае. І, на жаль, гэтае «нешта іншае» мае тэндэнцыю празь некаторы час паўтарацца.

І пачуваесься ў чарговым «дні сурка», калі чарговы харызматычны палітык, а па сумяшчальніцтве — «крэпкі хазяйсьцьвеньнік», нахабна гледзячы ў тэлекамэру, гаворыць даўно ўжо, нібыта ў мінулым жыцьці, чутыя словы: «Народ свой выбар зьдзелаў!».