Комментарии

Алеся Матусевіч

Як Лукашэнка спрабуе зрабіць пазаўчорашні дзень заўтрашнім

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка зноў пераконвае беларусаў, што нібыта жывем мы ў раі «ў параўнанні з тым як жыве свет». Толькі ў лістападзе правіцель даводзіў гэта аграрыям на «Дажынках» у розных абласцях, будатрадаўцам і студэнтам ВНУ.

Здавалася б: 2024 год, ва ўсіх ёсць доступ да сеціва, на каго гэта разлічана? А давайце падумаем.

Ідэальны беларус у вачох правіцеля — той, хто ментальна жыве ў Савецкім Саюзе, як і сам Лукашэнка. Хто не рвецца вучыцца ў якім-небудзь інстытуце з «ругацельнай» назвай (прывітанне менскаму лінгвістычнаму), а засвойвае прыкладную спецыяльнасць, працуе, куды паслалі і ў тых умовах, якія далі, умее ўскапаць пад рыдлёўку дзесяць сотак, а не карыстацца TikTokaм.

Хто не скардзіцца на ўлады — хіба што на асобных мясцовых чыноўнікаў, не бароніць свае правы і іншых адвучвае, не пускае дзяцей за мяжу, а пры словах «гендарная роўнасць» альбо, крый божа, «дэмакратычныя выбары» хапаецца за партбілет «Белай Русі».

Беларус Лукашэнкі не чытае варожых медыя, апроч савецкіх газэт. Каб не сумняваўся, на колькі адсоткаў у краіне ВУП прырос, і зябліва паднялася, і як беларускі рэжым не пушчае злоснае НАТА захапіць Беларусь. І пад уплывам такіх пазітыўных навін — ідзе дый купляе дом у неперспектыўнай вёсцы, каб мець свой уласны «шматок зямлі», там як мага больш дзяцей гадаваць, сваіх абаронцаў карміць і дурных пытанняў не задаваць.

Такіх зручных і пакорлівых беларусаў рэжым узрошчваў  не адзін дзясятак год, паліваў прапагандай, прыручаў «сацыяльнымі гарантыямі» — і гэта дало пэўны вынік. Людзей нават не спатрэбілася біць токам, каб укараніць у іх свядомасці вывучаную бездапаможнасць і звычку сядзець на дупе роўна — рэжым проста пакрысе адбіраў права выбару і свабоды (дзеянняў, сходаў, словаў, спеваў…).

Праўда, у 2020-м ён сам сябе падвёў. Прадэманстраваўшы тупую абыякавасць да небяспекі ковіду, беларускія ўлады вымусілі людзей узяць на сябе адказнасць за свае жыцці і здароўе — і выявілася, што ў грамадства гэта цудоўна атрымліваецца без удзелу дзяржавы.

Адказаўшы на пратэсты беспрэцэдэнтнай хваляй тэрору, рэжым выціснуў за межы краіны сотні тысяч беларусаў — і зноў жа, выявілася, што ў чужынскім «там» абсалютная большасць не прапала, а знайшла месца пад сонцам, падтрымку, працу і перспектывы для сябе і дзяцей.

З’ехалі сотні тысяч, вярнуліся — дзясяткі, мо некалькі соцень чалавек. Нягледзячы на ўсе страшылкі прапаганды і заклікі, большасць беларусаў нават без пашпартоў чамусьці не пажадала змяніць замежныя шэлтары, здымныя кватэры і нават лагеры для ўцекачоў на гарантаванае месца ў беларускіх СІЗА і калоніях.

Мо, таму, што не чытаюць савецкіх газэт?

Характэрна, як змянялася рыторыка Лукашэнкі датычна «збеглых». Спачатку гэта было фанабэрыстае «хто з’ехаў, хай не вяртаецца, назад не прымем». Потым – заклікі «паўзці назад на каленях». А яшчэ праз год з’явілася камісія па вяртанні, відэаролікі «вяртайся туды, дзе ты патрэбны» і абяцанкі «дараваць» тым, хто пакаецца — але не ўсім і не ўсё.

Цяпер жа правіцель, напрыклад, як на нядаўняй сустрэчы са студэнтамі гуманітарных ВНУ, расказвае, што беларусы «натоўпамі просяцца» дадому. Але натоўпаў гэтых ніхто не бачыць, у адрозненне ад мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.

Затое мы бачым навіны, як суайчыннікаў раз-пораз затрымліваюць адразу па ўездзе ў краіну і судзяць як «экстрэмістаў».

І ўсё ж выглядае на тое, што рэжым зразумеў: вярнуць «здраднікаў» не выйдзе, дый не трэба яму гэта. А трэба не выпусціць, утрымаць тых, хто ў краіне тут і цяпер, хто ў замежжы яшчэ мо ніколі не быў.

Менавіта таму ён спрабуе скарыстоўваць не толькі бізун, але і пернік, і прыдумляе, чым «привлечь, увлечь и закрепить» моладзь не вёсцы. Таму Лукашэнка пачаў сваё перадвыбарчае турнэ па ВНУ: загаварыць, «замыліць», застрашыць беларусаў, што за мяжой іх ніхто не чакае, таму трэба жыць на сваёй зямельцы, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, купляйце беларускае, выбірайце стабільнасць, нас не нагнуць і вось гэта ўсё.

Атрымліваецца, шчыра скажам, не надта. Колькасць першакурснікаў-беларусаў за дзесяць апошніх год у нашай краіне скарацілася на трэць, а ў ЕС расце, нягледзячы на перашкоды.

Моладзь выбірае (і бацькі падтрымліваюць) вучобу ў Празе, Варшаве, Вільнюсе, Мюнхене і гэтай далей. З еўрапейскім дыпломам і перспектывамі, а не адпрацоўкай за мізэрныя грошы дзе-небудзь у Мастах, хай сабе Лукашэнка і кажа, што там лепш за Парыж.

Наўрад ці правіцель чытаў эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць», дзе адзін з фрагментаў такі: «Незалежнасьць — гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып'яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве жыдом, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю».

Але робіць ён акурат усё, каб такой незалежнасці беларусы не паспыталі. Бо не жылі добра/свабодна, няма чаго і пачынаць. Сядзіце на сваім шматку зямлі і не адсвечвайце — чуеце, ля мяжы танкі НАТА гусеніцамі бразгаюць, а «экстрэмісты» ім дарогу паказваюць?

Вельмі крыўдна, калі ў рэжыму гэта атрымаецца: раскалоць грамадства, перарваць сувязі нават паміж роднымі, вярнуць людзей не тое што назад у БССР, а яшчэ глыбей, у рода-пляменную псіхалогію, з жорсткім падзелам на сваіх і чужых.

І яшчэ больш крыўдна, калі заходні свет, які ў значнай ступені забыўся, што Беларусь не роўна Лукашэнка, міжволі яму ў гэтым дапаможа — бо закрываецца ад беларусаў, аддаляе ад сябе людзей з прагрэсіўнымі поглядамі.

Правіцелю застанецца толькі развесці рукамі: маўляў, а я вам што казаў, беларусаў успрымаюць як людзей другога гатунку, і нікому вы больш не патрэбныя, толькі мне ды Пуціну. Хадзіце сюды, навучу кавуны расціць, кароў даглядаць і калоду секчы.

Бо калі ён гаворыць пра «шматок зямлі» і пра тое, каб гаспадарыць на ім, то мае на ўвазе выключна сябе.

І усё-ткі ёсць вера ў іншы сцэнар. Спроба зрабіць пазаўчорашні дзень заўтрашнім асуджаная на правал. Так, наш шлях яшчэ будзе пакручастым. Але ўрэшце прыйдзем не назад, у Савецкі Саюз, а да той Незалежнасці, «калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі».