Як у Беларусі праходзяць суды над тымі, хто пасьпеў зьехаць за мяжу
Засакрэчаныя прысуды, запалоханыя адвакаты. Юрысты патлумачылі Радыё Свабода, што ня так з завочнымі судамі.
24 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе пачалі завочна судзіць коміка Славу Камісаранку. 27 сьнежня ў Горадзенскім абласным судзе пачынаецца працэс у дачыненьні да вядомага блогера Антона Матолькі.
Коміка Славу Камісаранку абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Гумарысту пагражае да пяці гадоў калёніі і буйны штраф. На тэму «завочнага суду» ў папулярызатара мэма «чык-чырык» ужо зьявілася некалькі новых прышпільных жартаў. Судзіць Камісаранку Настасься Папко.
Блогеру, стваральніку «Беларускага гаюна» Антону Матольку інкрымінуецца ажно 13 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, у тым ліку і здрада дзяржаве. Таксама, паводле Генпракуратуры, дзеяньнямі Матолькі дзяржаве была нанесеная шкода ў памеры больш як 30 мільёнаў рублёў. Працэс будзе весьці судзьдзя Ігар Собалеў.
На абодвух працэсах лава падсудных застанецца пустая — і Камісаранка, і Матолька даўно жывуць за мяжой. Але судовыя працэсы па іх справах будуць значна адрозьнівацца ад звычайных ня толькі з гэтай прычыны.
«Спэцвядзеньне»
Юрыдычны тэрмін для працэдуры, якую называюць «завочным судом», — «спэцыяльнае вядзеньне» («специальное производство»). Гэта калі справа разглядаецца без удзелу абвінавачанага, бо яго няма ў краіне альбо ён хаваецца ад праваахоўных органаў.
Такія працэсы ў Беларусі пачалі актыўна выкарыстоўваць пасьля пратэстаў 2020 году ў дачыненьні да апанэнтаў улады, якія знаходзяцца за мяжой. «Мішэнямі» такіх судоў звычайна становяцца апазыцыйныя палітыкі, праваабаронцы, блогеры і актывісты, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь.
Асновай для завочных судоў у Беларусі стаў указ Лукашэнкі і зьмены ў заканадаўстве (артыкул 468-25 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі).
Такая практыка, як завочныя суды, існуе і ў іншых краінах, кажа юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill, якая пажадала захаваць ананімнасьць.
— Што да міжнароднай практыкі, асоба, якую судзяць, абавязкова павінна мець рэальнае права на абарону. Другое — чалавек пры вяртаньні ў краіну мае магчымасьць перагляду справы ў вочным судовым працэсе зь ягоным удзелам.
Паводле беларускага заканадаўства гэта немагчыма, таму што ў нас такі парадак: суд, апэляцыйная скарга, і пасьля яе разгляду прысуд уступае ў сілу. Потым можна зьвярнуцца ў касацыю па наглядзе. Але касацыя будзе разглядацца без удзелу асуджанага, яго выслухоўваць ня будуць (як гэтага патрабуе міжнароднае права).
А паводле міжнароднага права ўвесь працэс павінен прайсьці наноў, з выкананьнем усёй працэдуры: з выкліканьнем сьведак, з заслухоўваньнем абвінавачанага, судовымі спрэчкамі пракурора і адваката, — тлумачыць юрыстка.
Паасобку і групамі
Першы завочны суд у Беларусі адбыўся ў сьнежні 2022 году. Вядомых спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі на 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і буйнымі штрафамі. Завочна судзяць людзей і паасобку (праваабаронцу Леаніда Судаленку ў чэрвені 2024 году асудзілі на 5 гадоў па адным артыкуле па частках 1 і 2 арт. 361-4 КК за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), і вялікімі групамі.
Фігурантамі так званага «экстрэмісцкага фармаваньня» «Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай» былі 20 чалавек — Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна і журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Юры Дракахруст.
— Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай былі аб’яднаныя ў адну справу, хоць некаторыя зь іх ня мелі ніякага дачыненьня да Ціханоўскай, сярод іх насамрэч там былі яе крытыкі, якія не кантактавалі паміж сабой і нават мелі дрэнныя стасункі, — заўважае юрыстка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill.
У выніку ўсім «аналітыкам» інкрымінавалі цэлы «букет» артыкулаў і прызначылі па 10−11 гадоў зьняволеньня плюс буйныя штрафы (некаторым ад 40 тыс. да 1,6 млн рублёў).
Тэрміны, на якія завочна асуджаюць вядомых апазыцыянэраў, розныя, але звычайна вялікія. Сьвятлана Ціханоўская атрымала 15 гадоў, Павал Латушка — 18 гадоў турмы. Па 25 гадоў атрымалі былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў і адзін з арганізатараў ByPol Аляксандар Азараў.
Суды без абвінавачаных праходзяць па ўсёй краіне: менчука Антона Матольку судзяць у Горадзенскім абласным судзе, блогера Андрэя Павука за «Рудабельскую паказуху» — у Берасьцейскім абласным судзе. Лёгіка незразумелая, кажуць юрысты.
Невядома за што
Экспэрт праекту «Права на абарону» Максім Палавінка кажа, што ўва ўсім сьвеце завочны суд — гэта працэдура, накіраваная на тое, што суд ідзе насустрач чалавеку, які ня можа сам прысутнічаць у працэсе. А ў Беларусі гэта пакараньне, лічыць юрыст.
— Кожны чалавек мае права на справядлівы судовы разбор. На дзяржаве ляжыць абавязак забясьпечыць рэальнае выкананьне права, каб ім можна было рэальна скарыстацца. Нават калі ты не палітычны, немагчыма на адлегласьці, калі адвакат табе нічога ня кажа, азнаёміцца са справай. Умоўна кажучы, па алімэнтах. Дзяржава не выконвае свае абавязаньні па забесьпячэньні законных працэсуальных правоў. Права не напоўнена сэнсам, — перакананы юрыст Максім Палавінка.
Чалавек, у дачыненьні да якога завялі спэцвядзеньне, ня мае дастатковай інфармацыі па сваёй справе, кажа юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill.
— Пра абвінавачаньне можна даведацца толькі на сайце Сьледчага камітэту. Пра вынікі суду — на старонцы Вярхоўнага Суду і на сайце Генэральнай пракуратуры, але там можна пабачыць толькі артыкулы, па якіх асудзілі, які прысуд, і яшчэ літаральна два-тры сказы. Там вельмі мала інфармацыі, — кажа юрыстка.
На сайце Сьледчага камітэту ёсьць адмысловы разьдзел «Спэцыяльнае вядзеньне». Там ёсьць тлумачэньне, што гэта за працэдура, і дадатак — «Пералік асобаў, у дачыненьні да якіх распачатае спэцвядзеньне і якія выклікаюцца ў орган крымінальнага перасьледу». У ім на цяперашні час 144 асобы (і ўжо асуджаныя, і тыя, каго яшчэ чакае суд).
Вядзецца пералік ня вельмі ахайна. Фігурант справы «аналітыкаў Ціханоўскай» Аляксандар Дабравольскі, напрыклад, пазначаны ў ім двойчы: пад нумарамі 35 і 39.
Частка справядлівага разбору — ведаць, у чым канкрэтна абвінавачваюць чалавека. І дзяржава павінна дзейнічаць максымальна добрасумленна, каб давесьці гэта падсуднаму, перакананы юрыст Максім Палавінка.
— Людзі просяць даслаць ім матэрыялы справы па факсе ці пошце — ім павінны выслаць. Калі кажуць: «Прыяжджайце самі і глядзіце» — гэта нядобрасумленна. Мадэль павінна быць іншая — не чалавек з усіх сіл спрабуе рэалізаваць свае правы, а дзяржава павінна дзейнічаць добрасумленна, выкарыстаць усе магчымасьці, каб працэсуальныя правы былі рэалізаваныя.
Дзяржава ня можа выставіць адзін заведама нявыгадны варыянт: «Мы прапанавалі асабіста зьявіцца ў Сьледчы камітэт». А вы альтэрнатыўныя варыянты прапаноўвалі? Не!» — разважае юрыст.
Напалоханыя адвакаты
Нават калі чалавек, што знаходзіцца за мяжой і жадае ўзяць удзел у справе, спрабуе кантактаваць з судом, са сьледзтвам, з прызначаным яму абаронцам, суд, можа, і адкажа на ягоныя запыты, мяркуе юрыстка з Respect — Protect — Fulfill. Аднак ні матэрыялаў справы, ні абвінавачаньня яму не пакажуць.
— У Крымінальна-выканаўчым кодэксе напісана, што ўсе матэрыялы і дакумэнты суд аддае прызначанаму абаронцу. А адвакат наўпрост баіцца кантактаваць з падабаронным, таму што невядома, як такі кантакт будзе ацэнены з боку сілавых структур. Бо адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні. Я разумею тых абаронцаў, якія баяцца кантактаваць са сваім падабаронным, бо той, як правіла, «экстрэміст», «тэрарыст», і гэта для адваката небясьпечна , — кажа юрыстка Respect — Protect — Fulfill.
Праваабаронца Леанід Судаленка, якога ў чэрвені 2024 году завочна асудзілі на 5 гадоў, перакананы, што ў судзе былі парушаныя прынцып спаборніцтва бакоў і ягонае канстытуцыйнае права на абарону, бо ён так і ня быў азнаёмлены зь ніводным дакумэнтам па справе і ня змог скантактавацца з адвакатам. Той проста не адказваў на званкі і запыты свайго падабароннага. Тое самае кажуць фігуранты іншых завочных судоў — адвакаты проста ігнаравалі іх звароты.
Экспэрт праекту «Права на абарону» Максім Палавінка наракае ў такіх выпадках не на адвакатаў, а на ўмовы, у якія пастаўлены абаронца.
— Адвакат раскажа, да прыкладу, таму ж Леаніду Судаленку пра ягоныя абвінавачаньні, і заўтра гэта будзе на сайце «Вясны». Адваката прыцягнуць да адказнасьці за разгалошваньне матэрыялаў справы. І што — ён гераічны самагубца? Ну не, адвакат не павінен несьці адказнасьць за тыя ўмовы, на якія ён ня можа паўплываць.
Як павінна быць наладжана працэдура? У адваката павінны быць усе матэрыялы справы, ён са сваім кліентам можа вольна ўзаемадзейнічаць. А дзяржава вінаватая ў стварэньні ўмоваў, калі адвакат баіцца, вымушаны сувымяраць свае дзеяньні з карцінай пакараньняў калег, іншых адвакатаў на палітычных працэсах, калі крок у бок — і адваката затрымліваюць на суткі, альбо пазбаўляюць ліцэнзіі, а ў горшым выпадку «заяжджаеш куды далей», — кажа юрыст у абарону адвакатаў.
Да таго ж адвакатам цяпер не даюць копіі матэрыялаў справы, не дазваляюць фатаграфаваць справу, дадае юрыст Максім Палавінка.
—Гэта ўжо парушэньне паняцьця «роўнасьць правоў». Калі ў пракурора цалкам справа ёсьць, а адвакат павінен перапісваць некалькі тамоў — пра якую роўнасьць правоў мы гаворым? У нармальнай сытуацыі кантроль за выкананьнем права на абарону павінна ажыцьцяўляць дзяржава.
Умоўна кажучы, калі судзьдзя бачыць, што адвакат не знаёмы з матэрыяламі справы, што ён не ўзгадніў пазыцыю з кліентам, нават шкодзіць свайму падабароннаму, — ён павінен рэагаваць, што права на абарону не забясьпечана, — кажа Палавінка.
Але такіх прэцэдэнтаў у беларускай судовай практыцы не было, калі судзьдзі прызнавалі, што права на абарону не забясьпечана.
Магчымасьць перагляду
Калі чалавек асуджаны завочным судам, у яго фармальна ёсьць магчымасьць дамагчыся перагляду справы ў звычайным вочным судзе, тлумачыць юрыстка праваабарончай арганізацыі Respect — Protect — Fulfill.
— Калі чалавек захоча ўзяць удзел у працэсе і прыедзе, тады гэта ўжо будзе не спэцвядзеньне, а звычайнае судовае вядзеньне. Але няма магчымасьці без пагрозы для жыцьця арганізаваць другі судовы працэс. Мы цудоўна разумеем, што як толькі чалавек з такой колькасьцю крымінальных артыкулаў прыедзе ў Беларусь, яго адразу на мяжы возьмуць пад варту, будуць утрымліваць за кратамі да суду, і падчас працэсу ён атрымае свае 10-15 гадоў, — кажа юрыстка.
Да таго ж асуджаны завочна беларус цяпер ня можа зьвяртацца ў міжнародныя структуры са скаргамі.
— Зь лютага 2023 году грамадзяне Беларусі ня могуць зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека, бо краіна дэнансавала факультатыўны пратакол.
Мы пасьпелі падаць дзьве скаргі — па прысудах спартоўцаў Герасімені і Апейкіна, а таксама фігурантаў справы «Чорная кніга Беларусі» Яніны Сазановіч, Дзьмітрыя Навоша, Данілы Багдановіча і іншых.
Мы можам толькі інфармаваць, паведамляць у нейкія органы — да прыкладу, нядаўна прызначанаму спэцдакладчыку ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілсу Муйжніексу, — паведаміла юрыстка Respect — Protect — Fulfill.
Читайте еще
Избранное