Комментарии

Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

Забытыя ахвяры. Што здараецца, калі тэрор становіцца часткай дзяржаўнай ідэалёгіі

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году былі расстраляныя сама меней 132 дзеячы беларускай інтэлігенцыі. Гэта афіцыйныя дадзеныя, у рэальнасьці ахвяраў магло быць больш.

Сілавікі супраць удзельнікаў шэсьця ў Курапаты, 1 лістапада 2020 г.

Гэтая трагічная падзея вядомая як «Ноч расстраляных паэтаў» — хаця сярод забітых былі і празаікі, і драматургі, і літаратурныя крытыкі, і школьныя настаўнікі. Роўна як ня толькі ў тую ноч расстрэльвалі прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты.

Яшчэ некалькі гадоў таму ў Курапатах ды ў іншых падобных мясьцінах у гэтыя дні праводзіліся жалобныя цырымоніі. Але іх арганізатарамі не былі (і, як правіла, ня бралі ў іх удзелу) прадстаўнікі ўлады.

На пачатку 1990-х старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, які фармальна лічыўся кіраўніком Беларусі, прыходзіў у Курапаты і браў удзел у цырымоніі побач з Маяй Кляшторнай, Васілём Быкавым, Зянонам Пазьняком.

Для ўсяго сьвету (а Курапаты набылі міжнародную вядомасьць) гэта было знакам, што кіраўніцтва Беларусі адмовілася ад ленінска-сталінскай ідэалёгіі (хоць Шушкевіч далёка не ўвасабляў сабой усё кіраўніцтва). І для міжнароднага аўтарытэту краіны такі знак меў істотнае значэньне.

Аляксандар Лукашэнка ў Курапатах ніколі ня быў — ні ў часы дэпутацтва, ні пазьней, калі заняў самае галоўнае ў дзяржаве крэсла. Ва ўсялякім разе, нідзе і ніколі ні ён сам, ні хто-небудзь іншы пра наведваньне ім Курапатаў не паведамлялі.

Такую пазыцыю нельга ўспрымаць інакш, чым салідарызацыю з тымі, хто ад самага адкрыцьця месца расстрэлу ахвяраў бальшавіцкага тэрору імкнецца давесьці, што ляжаць там парэшткі зусім не ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Іншымі словамі, даказвае, што «Сталін ні пры чым». І гэта таксама вельмі паказальна, гэта знак усяму сьвету: мы вяртаемся ў сталінскія часы.

«Слаўныя чэкісцкія традыцыі» як ідэалёгія

Чаму ж улада дзесяцігодзьдзямі, ад 1994-га, дыстанцыюецца ад ушанаваньня памяці ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій? Чаму рэгулярна апаганьваюцца Курапаты, ламаюцца крыжы ў віцебскіх Хайсах ды іншых месцах масавых расстрэлаў?

Чаму міліцыя адкрыта заяўляе, што ня бачыць у такіх выпадках «падстаў для ацэнкі дзеяньняў», тады як за непрыстойны ўчынак ля помніка, які нагадвае пра «Вялікую Айчынную вайну» і зусім не абавязкова можа знаходзіцца на месцы пахаваньня, караюць імгненна?

Прычына, думаецца, у тым, што ў Беларусі, як і ў Расеі, кіраўніцтва хаця і не ўзяло на ўзбраеньне камуністычную ідэалёгію (Пуцін нават крытыкуе Леніна), але вярнулася да мэтадаў сталінізму. Да мэтадаў тэрору, асуджаных у свой час (на ХХ зьезьдзе КПСС у 1956-м і на XXII у 1961-м) самімі ж колішнімі паплечнікамі Сталіна.

Праблема, аднак, у тым, што асудзілі толькі мэтады (масавыя рэпрэсіі), сама ж сыстэма зьмененая не была, як і не адбылося рэвізіі камуністычнай ідэалёгіі.

Не адбылося гэтага ў поўным аб’ёме і ў 1991 годзе. І калі КПБ-КПСС зьнікла, а выканаўчая ўлада перажыла пэўнае рэфармаваньне, дык інструмэнт рэпрэсій — КДБ — застаўся, па сутнасьці, у нязьменным стане, а ў Беларусі нават не памяняў назвы.

І сёньня супрацоўнікі КДБ не саромеюцца гаварыць аб пераемнасьці «слаўных чэкісцкіх традыцый», дэманструючы гэтую пераемнасьць падчас жорсткіх затрыманьняў апанэнтаў рэжыму, катаваньняў зьняволеных і татальнага кантролю над грамадзтвам.

Ну а паколькі атачэньне Лукашэнкі ў значнай ступені складаецца зь сілавікоў (кіраўнік ураду — афіцэр спэцслужбаў, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі — генэрал КДБ), дык «чэкісцкія традыцыі», а прасьцей кажучы, рэпрэсіі і тэрор, узводзяцца ў ранг дзяржаўнай ідэалёгіі.

Падтрымка рэпрэсій — абавязковы элемэнт сьветаўспрыманьня кожнага чыноўніка, які хоча як мага даўжэй заставацца на сваёй пасадзе. Актыўны ўдзел у гэтых рэпрэсіях — умова кар’ернага росту.

Прыблізна так, як у свой час бяз членства ў КПСС немагчыма было заняць пасаду ў райвыканкаме, ня кажучы пра міністэрства, ці зрабіцца дырэктарам буйнога прадпрыемства.

Паралеляў паміж СССР і Трэцім Рэйхам усё болей

Для таго, каб лепей адчуць і глыбей зразумець усю антычалавечнасьць сытуацыі, варта паспрабаваць паглядзець на яе вачыма эўрапейца, які жыве ва ўмовах устойлівай дэмакратыі і прававой дзяржавы.

Да прыкладу, уяўленьне пра КДБ як інстытуцыю ў жыхароў дэмакратычных краінаў ня мае нічога агульнага з тым вобразам, які сфармаваўся ва ўмоўнага «сярэдняга беларуса» ва ўмовах дзесяцігодзьдзяў спачатку савецкай, а потым лукашэнкаўскай прапаганды (з зусім кароткай паўзай у канцы 80 – пачатку 90-х).

Абсалютная бальшыня эўрапейцаў і амэрыканцаў са школы ведаюць, што КДБ — гэта ўстанова, якая ажыцьцяўляла самыя масавыя рэпрэсіі ў гісторыі калі не чалавецтва, дык ХХ стагодзьдзя дакладна. А жыхары некаторых усходнеэўрапейскіх краінаў могуць прыгадаць і трагічныя эпізоды з уласнай гісторыі, зьвязаныя з нашчадкамі Дзяржынскага.

Ды і сам СССР заходняму грамадзяніну, які вырас у традыцыях дэмакратыі і прававой дзяржавы, уяўляецца таталітарнай імпэрыяй, пабудаванай на ігнараваньні прынцыпаў вяршэнства права і дэмакратыі. Якой, уласна, тая краіна і была.

Вось чаму гісторыкі, філёзафы, мастацтвазнаўцы, літаратурныя крытыкі агучваюць усё больш паралеляў паміж сталінскім Савецкім Саюзам і гітлераўскім Трэцім Рэйхам.

Ня тое каб яны, гэтыя паралелі, былі зусім не вядомыя альбо нябачныя ў 1945-м ці пазьней, але тады СССР успрымалі як пераможцу нацызму нароўні зь Вялікай Брытаніяй і ЗША. У 1950-70-х большасьць найвышэйшых савецкіх кіраўнікоў, уключна з Хрушчовым і Брэжневым, маглі прад’явіць баявыя ўзнагароды, атрыманыя за сапраўдны ўдзел у змаганьні з фашызмам.

Сьцяну маўчаньня пачаў прабіваць Салжаніцын — пасьля публікацыі «Архіпэлягу ГУЛАГу» сотні тысяч людзей у адной толькі Заходняй Эўропе пакінулі шэрагі камуністычных партый (нагадаем, што ў лепшыя свае часы кампартыя Францыі налічвала амаль мільён сяброў, а італьянская кампартыя - 1,7 мільёна).

Пасьля краху камуністычнай сыстэмы і ў Маскве пэўны час ладзіліся выставы з дэманстрацыяй вельмі падобных адзін да другога «шэдэўраў» сацыялістычнага рэалізму і нацыянал-сацыялістычнага рэалізму, рэтраспэктывы савецкіх і нацысцкіх прапагандысцкіх фільмаў, выйшла некалькі грунтоўных дасьледаваньняў тоеснасьці сталінскай і гітлераўскай дыктатураў. З прыходам да ўлады афіцэра КДБ Уладзімера Пуціна ўсё гэта, як вядома, было спынена.

У 2009 годзе Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прыраўняла сталінізм да нацызму. І сёньня адносіны свабоднага заходняга грамадзтва да Сталіна няшмат чым адрозьніваюцца ад стаўленьня да Гітлера. А напад Расеі на Ўкраіну, спалучаны з фактычнай рэабілітацыяй сталінізму, скараціў дыстанцыю да мінімуму.

Імёны катаў як дзяржаўная таямніца

Як жа, з гледзішча свабоднага сьвету, успрымаецца працэс рэабілітацыі Сталіна, камуністычнай ідэалёгіі, які ў роўнай ступені ахапіў як Расею, так і Беларусь (прычым Беларусь на некалькі гадоў раней, фактычна з 1994-га)?

Успрымаецца ў тым ліку і як згода з тымі мэтадамі, якімі дзейнічала бальшавіцкая партыя з выкарыстаньнем свайго «баявога атраду» — НКВД-КГБ.

Уласна, тут ужо ня трэба тэрарыстычных разважаньняў: катаваньні ў РАУСах, КДБ, ГУБАЗіКу гэта пацьвярджаюць практычна штодзённа.

Пры гэтым блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы трансьлююць відэасюжэты жорсткіх затрыманьняў апанэнтаў рэжыму і ўсё часьцей паведамляюць, што затрымалі іх не за «нацысцкія сымбалі» (якія сілавікі знаходзяць нават у старадаўніх беларускіх арнамэнтах), а за крытычныя выказваньні ў бок уладаў. Значыць, фактычна за тое, што гарантуе грамадзянам нават шматкроць зьнявечаная на гэтак званых рэфэрэндумах канстытуцыя Беларусі.

Заяўляючы пра звароты ў праваахоўныя органы заходніх краінаў з патрабаваньнем выдачы «нацысцкіх злачынцаў», Генпракуратура Рэспублікі Беларусь за ўсе дзесяцігодзьдзі свайго існаваньня не зрабіла ніводнага кроку ў бок пакараньня выканаўцаў масавых рэпрэсій 1930–1950-х гадоў на тэрыторыі БССР, і яны спакойна дажылі (а некаторыя і яшчэ дажываюць) у камфортных умовах з зусім не малой пэнсіяй былых афіцэраў КДБ.

Больш за тое, імёны тых, хто расстрэльваў у Курапатах, нават не былі названыя. КДБ ахоўвае іх як дзяржаўную таямніцу.

На пачатку 90-х кіраўнікі КДБ тлумачылі гэта імкненьнем «не распальваць варожасьць», «не сутыкаць нашчадкаў ахвяраў і катаў». «Давайце пакінем гэта Гісторыі і гісторыкам» — казаў адзін генэрал у цывільным.

Гісторыкам доступ у архівы КДБ закрыты, а Гісторыя дала чарговы сумны ўрок. Яна паказала, што, паколькі выканаўцы злачынных загадаў пазьбеглі адказнасьці, заўсёды знойдуцца новыя выканаўцы злачынстваў, якія на прыкладзе папярэднікаў лічаць, што ім нічога не пагражае.