Филин

Юлія Кот

Казакевіч: Дакладнага плану нападу на іншыя краіны ў Пуціна няма, яго паводзіны будуць залежаць ад сітуацыі

Палітолаг — пра тое, як Расія запэўнівае Захад у сваёй міралюбнасці, але працягвае запалохванне.

Днямі прадстаўнік АПК па нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык заявіў, што мае звесткі, паводле якіх Расея пры саўдзеле Беларусі можа планаваць атаку на Літву — прынамсі, рыхтуецца інфраструктура для праходжання вайсковай тэхнікі. І гэтая заява запусціла новую хвалю абмеркавання верагоднасці нападу РФ на адну з краін НАТО.

Пуцін падобныя размовы назваў «лухтой» і «трызненнем», аргументуючы гэта розніцай у выдатках Альянсу і РФ на абарону (хоць яшчэ нядаўна верагоднасці сутыкнення не выключаў), а таксама завіў, што ў Расіі няма нікіх агрэсіўных планаў супраць «Польшчы, Прыбалтыкі, Чэхіі».

Атрымліваецца, расійская ракета днямі заляцела ў польскую паветраную прастору выпадкова, а пасол РФ праігнараваў выклік у МЗС і пакінуў Польшчу проста так, бо засумаваў па радзіме?

Падпявае саюзніку і Лукашэнка, які пры наведванні вайскоўцаў у Ашмянскім раёне, на мяжы з Літвой, загадаў «жэстачайшэ рэагаваць на правакацыі», але пры гэтым запэўніў, што ўмацаванні і вучэнні праводзяцца выключна ў абарончых мэтах і што «адсюль пагрозы не будзе».

Зрэшты, калі прыгадаць, што падобныя заявы і абяцанні Лукашэнка агучваў і акурат перад расійскім уварваннем ва Украіну, то спакайней ад яго словаў не становіцца — і прынамсі ў Літве істотна расце напружанне на гэты конт.

Аднак некаторыя аналітыкі мяркуюць, што падобны расклад не выгадны перадусім самому беларускаму правіцелю, бо наўпрост ставіць краіну пад удар у адказ.

Што стаіць за алармісцкай рыторыкай, ці варта рыхтавацца да найгоршых сцэнараў і наколькі верагодная эскалацыя залежыць ад жадання ці нежадання Лукашэнкі наўпрост уваходзіць у вайну, Филин абмеркаваў з дырэктарам інстытута «Палітычная сфера», доктарам палітычных навук Андрэем Казакевічам.

— Мяркую, што ў той сітуацыі, якую мы сёння маем, нічога нельга выключаць, а таму рыхтавацца варта да горшых сцэнароў, — гаворыць палітолаг. — Але я не думаю, што наўпрост зараз ці ў Лукашэнкі, ці ў Пуціна (перадусім у Пуціна) ёсць дакладны план атакі на пэўную краіну. Ён проста прамацвае розныя варыянты, сярод іншага не адмаўляецца і ад здзяйснення псіхалагічнага ціску. І яго паводзіны будуць залежаць ад сітуацыі.

Трэба сказаць, што новая хваля, звязаная з пачуццём магчымай пагрозы, уздымаецца не толькі з боку Расіі і Беларусі. На Захадзе шмат экспертаў і палітыкаў абмяркоўваюць гэта пытанне. Таму гэта шырокі працэс.

Кажучы канкрэтна пра пазіцыю Расіі, Андрэй Казакевіч лічыць цяперашняе нагнятанне спробай знайсці слабыя месцы ў Еўропы, праз такі ціск паглядзець, якой будзе рэакцыя:

— Расія правярае: ці Еўропа стане больш схільнай да нейкіх перамоваў і кампрамісаў, ці адказ будзе дадзены ў выглядзе большай мабілізацыі, ці гэтыя словы будуць проста праігнараваныя. І ўжо далейшыя крокі будуць сыходзіць з таго, якой будзе рэакцыя з боку ЕС.

Напэўна, калі адбудзецца мабілізацыя і еўрапейскія краіны сапраўды пачнуць рыхтавацца да магчымага нападу, то яго верагоднасць будзe зніжацца. Калі ж будуць намацаныя пэўныя слабыя месцы ў заходнім накірунку, то можна чакаць, што Расія імі скарыстаецца ў будучыні.

Цяпер жа збольшага палітыка Расіі апартуністычная. Гэта значыць, што яна не мае дакладнай стратэгіі і планаў, проста спрабуе выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія адкрываюцца ў выніку таго, як разгортваюцца падзеі ў рэгіёне.

— Усё ж такі ў беларусаў існуе моны антываенны кансенсус, і словы Лукашэнкі «мы не хочам гэтай вайны» могуць мець пад сабой рэальныя падставы. Аднак, калі разглядаць найгоршыя варыянты — у цяпершніх варунках нешта залежыць ад Лукашэнкі, ці Крэмль можа проста паставіць яго перад фактам?

— Я не думаю, што можа паставіць перад фактам проста так. Але пры гэтым Крэмль мае дастатковую колькасць рычагоў уплыву на сітуацыю ў Беларусі, каб дамагчыся практычна любога рашэння. У тым ліку не толькі прадастаўлення тэрыторыі для падобнай аперацыі, але і непасрэдна вайсковага ўдзелу.

Але ўсё гэта, вядома, калі падобнае рашэнне ўсё ж будзе прынятае. А верагоднасць гэтага, напэўна, малая.

Расіі, каб дамагчыся такога выніку, усё-ткі трэба будзе патраціць выялікую колькасць рэсурсаў: і ціск, і пэўныя фінансавыя ўліванні, мабыць, нейкія іншыя механізмы — то бок, гэта не будзе аўтаматычная сітуацыя.

Хоць станам на сёння выглядае, што Расія мае занадта моцныя інструменты ціску на Беларусь па ўсіх накірунках, у палітыцы, знешняй палітыцы, эканоміцы.

Палітолаг звяртае ўвагу на яшчэ адно «але»: Беларусь важная для Расіі не толькі як плацдарм і саўдзельнік у верагодным канфлікце, але таксама як зборачны цэх, партнёр для расійскага ВПК.

— Мы бачым, што беларускія заводы выконваюць важную ролю ў падтрымцы баяздольнасці расійскай арміі. І гэты фактар трэба таксама ўлічваць, — дадае Андрэй Казакевіч. — Бо калі раптам пачнецца новая эскалацыя па перыметру Беларусі, нейкі новы вайсковы канфлікт, то гэты сегмент вытворчасці для Расіі «выпадае», што можа пацягнуць за сабой пэўныя праблемы ў забеспячэнні баяздольнасці.

Таму гэты фактар з’яўляецца дадатковым абмежавальнікам для таго, каб пачынаць маштабную вайскову аперацыю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(17)