Истоки

Багдана Паўлоўская

Коршунаў: «На працягу стагоддзяў нашай галоўнай задачай было выжыванне, бо, як толькі ты высоўваешся наверх, заўсёды атрымліваеш па шапцы»

Што пісалі пра беларусаў у савецкіх метадычках, і як жыццё побач з лесам адбілася на нацыянальным характары.

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанні, хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і які лёс чакае нашу нацыю. Наш сённяшні суразмоўца — сацыёлаг, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў.

Генадзь Коршунаў

— Як змяніліся беларусы з цягам стагоддзяў і ці змяняліся ўвогуле? І якімі мы прышлі ў сённяшні дзень?

— Казаць пра змены на вялікіх гістарычных этапах не выпадае, таму што ўсе нацыі — і беларусы ў тым ліку — пачынаюць складацца толькі ў 19 стагоддзі. Што да нацыянальнага характару, менталітэту, то, хоць і існуюць такія тэрміны, але гэта не столькі навуковыя паняцці, колькі філасофска-культуралагічныя ці літаратурныя абагульненні.

Нацыянальны характар ствараецца праз шэраг фактараў, пачынаючы нават ад прыродных. Бо ёсць народы, якія жывуць у горных рэгіёнах — у іх свой тэмперамент, ёсць паўночныя народы, ёсць лясныя, як мы. Уплываюць таксама гістарычныя асаблівасці, культурныя, этнічныя (тое, з якіх народаў складаецца нацыя) і шмат іншага.

— А якія рысы вы б вылучылі менавіта ў беларусаў (адмоўныя/станоўчыя)? Што нам замінае, што дапамагае выжываць на працягу стагоддзяў?

— Зразумела, кожны народ стараецца больш рабіць націск на свае станоўчыя рысы. Ну вось часцяком у Беларусі носяцца з гасціннасцю. Але ж кожны народ лічыць сябе гасцінным. Няма нікога, хто кажа пра сябе: не, мы не такія, мы з усімі варагуем.

Да таго ж нацыянальны характар — штука амбівалентная. Няма тут ні станоўчых, ні адмоўных рыс. Гэта ўсё адно і тое ж, бо ў адной сітуацыі гэтыя асаблівасці даюць нейкія бонусы — тады мы кажам, што гэта наша перавага, а ў іншай сітуацыі тая ж самая асаблівасць будзе замінаць.

І ўсё ж ёсць рэчы, пра якія можна казаць з адноснай ўпэўненасцю. Напрыклад, яшчэ за савецкім часам, калі я вучыўся на вайсковага псіхолага і праходзіў практыку на ваеннай кафедры, нам давалі метадычкі, дзе апісваліся характарыстыкі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. І вельмі цікава было паглядзець, што пісалася пра беларусаў.

Зараз мы шмат кажам пра гэтыя ж рысы, хіба толькі іншымі словамі. Напрыклад, пра такую накіраванасць беларуса на справу, на адказнасць, працавітасць, на тое, што можна назваць паслухмянасцю.

Дарэчы, мы робім даследаванне пра тое, як беларусы ўспрымаюцца ў розных краінах. Дык вось пра пабытовую адказнасць і нашу працавітасць кажуць шмат хто з суседзяў. Спецыялісты па падборы кадраў увогуле любяць браць беларусаў на працу. Праўда, больш прашараныя кажуць, што беларусы не вельмі ўдала працуюць на самых высокіх узроўнях карпаратыўнага кіравання — не любяць выціскаць грошы з контрагентаў, настойваць, ціснуць апошнія сокі.

Гэта вельмі цікавая штука. То бок мы любім супрацоўнічаць, рабіць прадукт, але вось калі пачынаецца барацьба за лідарства, за рынкі, то гэта не ўжо не так цікава.

Тут, пэўна, адбіваецца і гістарычны ўплыў.

На працягу стагоддзяў нашай галоўнай задачай было выжыванне, бо як толькі ты высоўваешся наверх, то заўсёды атрымліваеш па шапцы. Пачынаючы з 17-18 ст., у нас фактычна было толькі адно пакаленне, якое не бачыла ці то вайны, ці то паўстання, ці то нейкіх карных аперацый.

Зразумела, што гэта прымушае быць вельмі ўпартым, каб выжыць, асцярожным, і ў пэўнай ступені даволі насцярожана адносіцца да змен, што тлумачыць пэўную нашу кансерватыўнасць і разважлівасць.

— Дарэчы, цікава, а як па той метадычцы мы выглядаем на фоне іншых, у тым ліку суседзяў?

— Беларусы — адзіночкі, у нас амаль ніколі не ствараліся зямляцтвы. То бок, калі каўказцы заўсёды разам, то беларусы хутчэй самі на сваім розуме, мала з кім сябруюць. Я б гэта зводзіў да такой засяроджанасці на сабе, на лакальных справах, на сям’і. Пра ўкраінцаў, памятаю, пісался, што яны вельмі эмацыйныя, а расіяне могуць падкрадаць.

Канешне, фактычна ўсе народы кажуць, што сям’я — гэта каштоўнасць, але калі мы кажам пра тую ж Расію, то там значную ролю адыгрывае вялікая супольнасць, тое, што намагаюцца праваслаўнай мовай казаць пра саборнасць, дзяржаўнасць. Мы гэта называем імперскасць, гэта такое асэнсаванне сябе як прыналежнасці да чагосьці вялікага.

У заходняй цывілізацыі, напрыклад, наадварот, там пануе індывідуалізм, дзе перш за ўсё асоба. А ў беларусаў атрымліваецца хутчэй на першым месцы не асоба, а лакальная сям’я, сваё маленькае: свой гарод, свая зямелька, свой родны кут.

Толькі пасля можа быць альбо асоба — «я сам», альбо нешта вялікае, агульнабеларускае. Відаць, таму ў Беларусі фактычна і няма такіх сепаратысцкіх момантаў, хаця і гаворкі ў нас адрозніваюцца, і дыялектаў некалькі.

— Вы яшчэ сказалі, што беларусы — лясная нацыя. Гэта як на нас адбіваецца — калі што, то хавайся ў лесе? 

— Без леса Беларусь уявіць немагчыма. Напрыклад, калі першы раз выязджаеш ва Украіну і бачыш стэп, то вока шукае лес. І ён нам таксама дае вось гэтую засяроджанасць на лакальнасці. Бо калі ты бачыш гэтую палоску лесу і нават ведаеш, што яго шмат, вока ўсё роўна бачыць толькі тое, што побач. Гэта не нейкая вялікая гара, гэтая тое, што суразмерна чалавеку.

Месцы ў лесе таксама лакальныя — ёсць ягадныя, ёсць грыбныя, ёсць тыя, дзе могуць стаяць борці і дзе пілуюць дрэвы. Гэта складзеная з лакальных супольнасцяў прастора. І зразумела, што там можна і схавацца, і выжыць, і нават зарабіць.

Зноў-такі, што лес, што балота, што хмызнякі — гэта тое, што трэба ведаць. І калі ты будзеш ведаць дзе, што, як, калі  — ты будзеш жыць і нават добра жаць. А калі ты не, то ты там хутка згінеш. І вось гэтае разуменне правілаў ў розных лакацыях, мне падаецца, таксама спрыяе развіццю разважлівасці, асцярожнасці і гаспадарлівасці.

Дарэчы, вось гэтая гаспадарлівасць як функцыя засяроджанасці на справе, мне падаецца, таксама вельмі важная рыса беларускага характару.

— Якія падзеі нашай гісторыі найбольш паўплывалі на станаўленне беларускага характару?

 Ёсць падзеі, якія ўздзейнічаюць непасрэдна на чалавека, на сям’ю, а ёсць, якія ўплываюць праз адукацыю. Калі браць сістэму адукацыі, то гэта і этап паланізацыі, і русіфікацыя і савецкі час, і пачатак 90-х — у кожным разе і на кожным этапе былі свае працэдуры, якія намагаліся змяніць беларусаў.

А вось тое, што непасрэдна ўздзейнічала на чалавека, на сямейную гісторыю, гэта, безумоўна, войны — тая ж самая Вялікая айчынная.

Яшчэ адзін чыннік — урбанізацыя 50-60-х гадоў у часы Машэрава, калі беларусы ў вялікай колькасці і вельмі хутка сталі пераязджаць ў гарады, якія былі шматкроць зрусіфікаваныя. Так, у той перыяд заклаліся падмуркі Беларусі як урбаністычнай і прамысловай краіны (чаму вельмі зайздросцяць нашы суседзі), але з другога боку, мы расплачваемся тым, што згубілі фактычна беларускую вёску, беларускую мову, беларускую школу і адукацыю.

Яшчэ адна падзея, якая моцна паўплывала на беларускую свядомасць, гэта Чарнобыль. Мы зараз асабліва часта пра яго не ўзгадваем, але ўплыў тых падзей вельмі істотны. Гэта нават адчуваецца па сацыялагічных апытаннях: калі глядзець на спецыфіку Гомельскага рэгіёна, то дагэтуль можна заўважыць большы, чым у іншых, давер да людзей у пагонах: да МЧСнікаў, да міліцыянтаў, да ваенных.

Ну і, зразумела, нельга не сказаць пра 90-я. Вельмі моцна яны паўплывалі асабліва на пакаленне тых, каму зараз ад 35 да 55. Гэтыя людзі знянацку адкрылі для сябе Беларусь, зразумелі тое, што наша гісторыя пачынаецца не з 1917 года. І гэтае адкрыццё ўзарвала ўсё.

Ну а далей быў 2020 год.

— Беларускае грамадства 1990-х адрозніваецца да грамадства 2010 і 2020 года? Наколькі хутка ідуць змены?

— З гістарычнага пункту гледжання падзеі ідуць даволі шпарка. Мы зараз перажываем адзін з самых хуткіх па насычанасці этап.

Для людзей 1990-х развал Саюза стаў у пэўным сэнсе вялікай калектыўнай траўмай. Адбыўся злом усёй карціны светаўспрыняцця. Бо была агромністая краіна, і добрая частка людзей шчыра любіла, паважала і ганарыліся прыналежнасцю да яе. А тут аказалася, што ўсё — гэтай краіны няма. То бок зламаўся свет, і, як далей жыць, было цалкам незразумела. Трэба выбудоўваць нешта новае, а гэта заўсёды складана.

У 2000-х гадах людзі ўжо прызвычаіліся да разумення, што ёсць свая краіна, мы з большага тут гаспадары — а трэба памятаць пра гэтую гаспадарлівасць беларусаў, пра якую мы казалі вышэй. Плюс у нулёвых гадах прыходзяць у Беларусь і даволі шпарка пачынаюць развівацца працэсы лічбафікацыі.

Вось гэтая інтэрнетызацыя, смартфанізацыя насамрэч супермоцна адбіліся на беларусах, бо паступова, фактычна за паўтара-два дзесяцігоддзя, мы навучыліся самі будаваць сваё жыццё (не ўсе, праўда, але большая частка). Пачынаючы ад выбару тавараў, планаваннем адпачынку, дыстанцыйнай працай і заканчваючы адукацыяй дзяцей. То бок наша самастойнасць, гаспадарлівасць, разважлівасць атрымалі інструментальную базу.

Зараз тых, хто хацеў бы сам кіраваць сваім жыццём на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад паўсядзённасці і заканчваючы нейкімі стратэгічнымі рэчамі, стала больш за палову.

У 2010-х гадах доля гэтых людзей паступова расла, беларусы вучыліся паасобку кіраваць сваім жыццём, а потым пачалі яднацца. У тым ліку на паўсядзённым узроўні: сталі з’яўляцца нейкія супокі — бацькоўскія, па абмене рэчамі, па хобі.

Лічбафікацыя ў Беларусі вельмі шпарка прывяла да таго, што стварылася прастора, дзе вось гэтыя беларускія рысы — перш за ўсё гаспадарлівасць і разважлівасць, адказнасць за сябе і сваю сям’ю — атрымала магчымасць развівацца.

Усё гэта выбухнула ў 2020 годзе. Калі на пачатку беларусам далі зразумець, што кавід — ваша праблема, і дзяржава тут нічым дапамагаць не будзе, людзі самі пачалі даваць рады гэтай пагрозе. А калі пасля першай хвалі кавіду пачалася электаральная прэзідэнцкая кампанія, вось гэтае адчуванне таго, што мы можам самі, мы хочам самі, мы будзем самі, і прывяло да выбуху жніўня 2020 года.

— Чым ўвогуле сталі для нашай нацыі падзеі 2020-га?

— Яны прымусілі зусім па-новаму паглядзець і на сябе, і на тых, хто навокал, і на беларусаў агулам.

Мы рабілі даследаванне па беларускай дыяспары з тых, хто з’ехаў яшчэ да 2020 года. Гэтыя людзі казалі, што яны здалёк пражывалі тыя працэсы і самі непасрэдна ў іх не ўдзельнічалі, але тое, як гэта адбілася на іх, ні з чым не параўнальна. На ўзроўні ідэнтычнасці людзі адчулі на вельмі высокім эмацыйным узроўні, што яны беларусы і ім за Беларусь баліць. І не проста адчулі, не проста зразумелі, яны пачалі дзейнічаць на карысць Беларусі.

Калі ж казаць пра тых, хто знаходзіўся ў той час у Беларусі, то спачатку гэта быў вялікі эмацыйны ўздым, адразу станоўчы — як нас шмат, якія мы прыгожыя, якія мы добры, — а пасля, як на хвалях, абрынанне ўніз, якое і зараз працягваецца.

Так, гэта вельмі балюча. Але калі глядзець стратэгічна, з гістарычнага пункту гледжання, не блага. Тут эмоцыі не нівелююць адна другую, а складаюцца па модулю.

Для самаасэнсавання, для ідэнтычнасці, для развіцця нацыі — гэта той этап, які, думаю, адаб’ецца значна больш, чым і ўрбанізацыя 50-60-х гадоў, і чарнобыльская трагедыя, і развал Саюзу. Гэта дае вельмі моцны штуршок дынаміцы нацыянальнага будаўніцтва Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(22)